Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

26 студзеня на Беларускай чыгунцы пачаліся вопытныя паездкі новага электрацягніка міжрэгіянальных ліній (ЭПМ)

26 студзеня 2021

Беларуская чыгунка сумесна з кампаніяй «Штадлер Мінск» прыступіла да вопытных выпрабаванняў першага пяцівагоннага электрацягніка міжрэгіянальных ліній бізнес-класа (ЭПМ).

Кантракт на пастаўку 10 сучасных пяцівагонных электрацягнікоў серыі ЭПМ паміж Беларускай чыгункай і кампаніяй ЗАТ «Штадлер Мінск» быў падпісаны ў студзені 2019 года. Пастаўка першых трох цягнікоў на БЧ запланавана ў трэцім квартале бягучага года. Дадзеныя цягнікі плануецца эксплуатаваць на найбольш запатрабаваных у пасажыраў электрыфікаваных участках Беларускай чыгункі.

Для падрыхтоўкі да арганізацыі рэгулярнага руху новых электрацягнікоў з пасажырамі Беларускай чыгунцы неабходна правесці шэраг выпрабаванняў.

Электрацягнікам ЭПМ трэба будзе пацвердзіць адпаведнасць патрабаванням тэхнічнага задання і дзеючых тэхнічных нарматыўных прававых актаў у максімальна набліжаных да рэальнай эксплуатацыі ўмовах. Для гэтага прадугледжаны тармазныя і функцыянальныя выпрабаванні, ацэнка ўздзеяння на пуць, праверка адпаведнасці патрабаванням да электраабсталявання, прыладам кіравання і кантролю, пажарнай і экалагічнай бяспекі. Згодна вытворчаму плану на плошчах «Штадлер Мінск» ужо былі праведзены статычныя выпрабаванні.

Вопытны прабег электрацягніка складзе не менш за 5000 км. Пасля яго завяршэння пачнуцца прыёмачныя і сертыфікацыйныя выпрабаванні для ацэнкі адпаведнасці цягніка патрабаванням тэхнічнага задання і Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ТР МС 001/2011 «Аб бяспецы чыгуначнага рухомага саставу».

Базавай мадэллю для распрацоўкі новых пяцівагонных электрацягнікоў сталі сямівагонныя электрацягнікі серыі ЭПМ, якія паспяхова курсіруюць па Беларускай чыгунцы са жніўня 2016 года па маршруту Мінск-Гомель.

Максімальная хуткасць новых пяцівагонных электрацягнікоў складае 160 км/г. Даўжыня саставаў - 92 960 мм, а шырыня кузава 3480 мм. У цягніку прадугледжана 262 месцы для сядзення 1 і 2 класа. У зоне 1 класа (падвышанай камфортнасці) размешчана 16 месцаў. Тут прадугледжаны камфартабельныя крэслы са спінкай, якая рэгулюецца па вуглу нахілу, індывідуальныя падлакотнікі. Зона 1 класа аддзелена шкляной перагародкай з электрычным прывадам. Таксама ў пасажырскім салоне 1 класа ўстаноўлены кнопкі выкліку правадніка, пры націску якіх у купэ правадніка выдаецца аўдыё-відэасігнал. Абсталяваны месцы для размяшчэння буйнагабарытнага багажу, гардэроб для верхняга адзення. У салонах 2 класа ўстаноўлены мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме «3 + 2».

Вокны ў новых цягніках ЭПМ аснашчаны сонцаахоўнымі рулоннымі шторамі з фіксацыяй іх у любым зададзеным становішчы. У цягніку прадугледжана наяўнасць 3 туалетных комплексаў, абсталяваных аварыйнай кнопкай выкліку персаналу, адзін з якіх - для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Ва ўсіх вагонах інфармацыя пра нумары вагонаў і месцах, а таксама інфармацыя, якая размяшчаецца на элементах кіравання для пасажыраў, прадублявана шрыфтам «Брайля». Таксама абсталяваны месцы для праезду людзей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата. У адным з салонаў электрацягніка прадугледжаны зоны для перавозкі дзіцячых калясак, буйнагабарытнага багажу або перавозкі трох веласіпедаў.

Ва ўмовах падвышанай увагі да дэзінфекцыі рухомага саставу трэба адзначыць, што пяцівагонныя электрацягнікі ЭПМ абсталяваны кандыцыянерамі з інтэграваным унутры бактэрыцыдным модулем апрацоўкі рэцыркуляванага паветра. Модуль выкарыстоўвае спецыяльныя выкананыя з кварцавага шкла бактэрыцыдныя лямпы, якія знішчаюць мікраарганізмы ультрафіялетавым выпраменьваннем.

Акрамя таго, электрацягнікі абсталяваны сістэмай бесправаднога доступу да сеткі Інтэрнэт (Wi-Fi), а таксама сістэмай узмацнення сігналу GSM. У мэтах павышэння эфектыўнасці эксплуатацыі рухомага саставу дадзеныя аб становішчы цягніка, расходзе электраэнергіі і маршруце могуць перадавацца на сервер Беларускай чыгункі.

Супрацоўніцтва Беларускай чыгункі з кампаніяй «Stadler Rail Group» (Швейцарыя) пачалося ў 2010 годзе, калі быў заключаны першы кантракт на пастаўку 10 сучасных электрацягнікоў, 6 з якіх - серыі ЭПГ - прызначаны для гарадскіх ліній і 4 серыі ЭПР - для рэгіянальных ліній.

У цяперашні час на Беларускай чыгунцы эксплуатуецца 18 сучасных электрацягнікоў вытворчасці швейцарскай кампаніі «Stadler Rail Group», якія курсіруюць па маршрутах гарадскіх, рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній бізнес-класа. Трэба адзначыць, што яны заваявалі папулярнасць і карыстаюцца заслужана высокім попытам у пасажыраў.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год