Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Парк лакаматываў Беларускай чыгункі папоўніцца 15 сучаснымі кітайскімі электравозамі

29 снежня 2020

29 снежня 2020 года Беларуская чыгунка заключыла кантракт з ТАА «Кітайская кампанія па экспарту і імпарту электраабсталявання» (CUEC) і ТАА «CRRC Датунская электравозабудаўнічая кампанія» на пастаўку 15 грузавых аднасекцыйных электравозаў пераменнага току серыі БКГ2. Подпісы пад дакументам паставілі Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, Старшыня Праўлення CUEC Ван Цзіньсун і Старшыня Праўлення Датунскай электравозабудаўнічай кампаніі Хуан Цічао.

У адпаведнасці з кантрактам пастаўка электравозаў на Беларускую чыгунку запланавана да канца 2023 года. Кошт інвестыцыйнага праекта складае 64,3 млн еўра.

Трэба адзначыць, што гэтыя аднасекцыйныя электравозы БКГ2 - гэта ўдасканаленая мадэль лакаматываў дадзенай серыі, раней набытых Беларускай чыгункай. Іх асаблівасцю з'яўляецца магчымасць кіравання не толькі грузавых, але і пасажырскіх цягнікоў.

Беларуская чыгунка ўжо на працягу 10 гадоў плённа супрацоўнічае з Кітайскай кампаніяй па экспарту і імпарту электраабсталявання і Датунскай электравозабудаўнічай кампаніяй. За гэты час на БЧ было пастаўлена 30 грузавых электравозаў серыі БКГ1 і БКГ2. Таксама ў цесным супрацоўніцтве з кампаніяй CUEC электрыфікаваны чыгуначныя ўчасткі Гомель-Жлобін-Асіповічы, Маладзечна-Гудагай-дзяржмяжа, працягваюцца работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін-Калінкавічы-Барбароў.

Як падкрэсліў у сваім прывітальным слове Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, дзякуючы нашаму агульнаму ўкладу ў развіццё інфраструктуры і цягавага рухомага саставу, забяспечваецца бесперашкодны пропуск грузапатокаў у зносінах Кітай-Еўропа-Кітай, пра што сведчыць дынамічны рост аб'ёмаў чыгуначных перавозак на працягу апошніх гадоў. Калі ў 2015 годзе аб'ём кантэйнерных перавозак складаў 59,9 тысяч кантэйнераў у ДФЭ, то да канца 2020 года ён павялічыўся ў 9 разоў і склаў каля 540 тыс. кантэйнераў у ДФЭ.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2020 год