Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

13 снежня са станцыі Мінск-Пасажырскі адправіцца першы Навагодні экспрэс да Дзеда Мароза

12 снежня 2019

Турыстычны праект «Падарожжа ў Маёнтак Дзеда Мароза» існуе ўжо на працягу 8 гадоў і карыстаецца вялікай папулярнасцю як у жыхароў, так і ў гасцей нашай краіны. Дадзены праект стаў лаўрэатам і ўладальнікам спецыяльнай узнагароды «Лепшы ў рэгіёне» рэспубліканскага конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2018 года, а сістэма якасці працы «Дартур» пацверджана Сертыфікатам адпаведнасці патрабаванням міжнароднага стандарту ISO 9001.

У бягучым годзе спецыяльны маршрут выхаднога дня карыстаецца таксама вялікім попытам. Ён разлічаны для турыстаў у навагоднія і калядныя святы, а таксама на перыяд зімовых канікул у школьнікаў. Спецыяльны Навагодні цягнік, які складаецца з купэйных вагонаў, будзе курсіраваць з Мінска ў маёнтак Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» 13, 20, 24, і 27 снежня, а таксама 2, 4, 6 і 11 студзеня.

Паездкі прапануюцца ў фармаце тураў выхаднога дня з выездам у пятніцу ўвечары, а рэйсы Навагодняга экспрэса 24 снежня, 2, 4, 6 і 11 студзеня разлічаны на перыяд зімовых канікул у школьнікаў.

Навагодні састаў будзе адпраўляцца ў маёнтак Дзеда Мароза са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 21.57 і прыбываць у Брэст раніцай наступнага дня ў 07.50, адкуль турыстаў даставяць у Белавежскую пушчу на камфартабельных аўтобусах.

Святочную атмасферу пасажыры адчуюць з першых хвілін - у вагона іх сустрэнуць дзяўчыны-праваднікі ў касцюмах Снягурак.

У Нацыянальным парку госці правядуць цэлы дзень. Падарожнікаў чакае насычаная навагодняя экскурсійная праграма: яны ўбачаць домік Снягуркі, чароўны млын, наведаюць музей падарункаў Дзеда Мароза - «Скарбніца», пабываюць на алеі знакаў Усходняга календара і паляне дванаццаці месяцаў, устануць у карагод каля Навагодняй ёлкі і, вядома, сустрэнуцца з гаспадаром рэзідэнцыі – Дзедам Марозам.

У праграму тура таксама ўваходзіць знаёмства з музеем прыроды Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», прагулка ўздоўж вальераў з жывёламі і пачастунак блінамі з гарбатай на пушчанскіх травах.

Назад у сталіцу з Брэста Навагодні цягнік адправіцца ў 17.28 і прыбудзе ў Мінск у 22.18. Яркім момантам падарожжа стане забаўляльная праграма з аніматарамі і сустрэча з чыгуначным Дзедам Марозам. Юныя вандроўнікі раскажуць Дзеду Марозу вершы, праспяваюць з ім песенькі, пацешаць сваімі малюнкамі – уражаннямі пра паездку, разгадаюць загадкі і, вядома, атрымаюць салодкія пачастункі.

Штогод турыстычным цягніком па напрамку Мінск–Брэст–Мінск перавозіцца больш за 1600 чалавек. Плануецца, што ў бягучым сезоне «Падарожжа ў Маёнтак Дзеда Мароза» зробяць больш за 2000 пасажыраў.

Падрабязна з праграмамі тураў Турыстычнага цэнтра «Дартур» Беларускай чыгункі можна азнаёміцца на сайце dortour.by.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2019 год