Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

27 чэрвеня на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі адбудзецца святочны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра

11 чэрвеня 2019

Сумесны музычны праект Беларускай чыгункі і Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна арганізаваны на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі. Ён прымеркаваны да Дня Незалежнасці і 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Святочны канцэрт — гэта даніна павагі ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Іх мужнасці і гераізму, адданасці і любві да Радзімы. Усім тым, хто выйграў бітву супраць нацызму, прайшоўшы страшны, але пераможны шлях, тым, хто абараніў нашу свабоду і незалежнасць, падарыўшы нам найвялікшую каштоўнасць — 75 гадоў мірнага жыцця.

На працягу гадзіны з 13:00 да 14:00 у зале чакання на трэцім паверсе вакзала для пасажыраў, гасцей і жыхароў сталіцы ў выкананні таленавітых музыкаў Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь прагучаць творы вядомых кампазітараў, мелодыі песень ваенных гадоў, якія знаходзяць водгук у душы кожнага з нас.

Сярод гледачоў на канцэрце таксама будуць прысутнічаць ветэраны і работнікі беларускай магістралі, актывісты ГА «БРСМ».

Галоўным для Беларускай чыгункі заўсёды быў і застаецца пасажыр. Для павышэння якасці абслугоўвання пасажыраў штогод мадэрнізуюцца вакзальныя комплексы, укараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Свята музыкі, дзе сцэнічнай пляцоўкай выступаюць залы чакання, чыгуначнікі беларускай магістралі дораць сваім пасажырам ужо не першы раз. Выступленне Прэзідэнцкага аркестра на вакзале напярэдадні знамянальных дат становіцца ўжо добрай традыцыяй. Так, у 2017 годзе ў гонар 155-годдзя Беларускай чыгункі выступленне знакамітага калектыву ўжо праходзіла на вакзале.

Таксама традыцыйнай стала арганізацыя музычных вечароў у «Клубе СВ» на сталічным вакзале, дзе кожны тыдзень па чацвяргах і пятніцах з 18 да 22 гадзін гучыць жывая музыка на піяніна. Жыхары і госці сталіцы маюць выдатную магчымасць пачуць творы класічнай музыкі, эстрадных і народных песень, джазавых і этнічных кампазіцый.

Штогод у прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка, які адзначаецца ў першую нядзелю жніўня, на ўсіх абласных вакзалах праходзяць канцэрты з удзелам прафесійных артыстаў і калектываў народнай творчасці чыгуначнікаў.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год