Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

1 лютага на Беларускай чыгунцы прайшоў тэхніка-эканамічны савет

01 лютага 2019

Вынікі работы Беларускай чыгункі ў мінулым годзе і задачы на 2019 год былі разгледжаны 1 лютага на выніковым пасяджэнні тэхніка-эканамічнага савета БЧ, якое адбылося ва Упраўленні Беларускай чыгункі.

У мерапрыемстве прыняў удзел Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Аўраменка, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, службаў і арганізацый Беларускай чыгункі.

Асноўныя вынікі дзейнасці БЧ у 2018 годзе і задачы па яе сацыяльна-эканамічнаму развіццю на 2019 год былі агучаны ў дакладзе Начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава.

Трэці год пяцігадовай дзяржаўнай праграмы развіцця транспартнага комплексу краіны на 2016-2020 гады дазволіў замацаваць станоўчыя тэндэнцыі па большасці асноўных паказчыкаў работы. У 2018 годзе калектывам дарогі выкананы тры з чатырох ключавых паказчыкаў дзяржпраграмы: грузаабарот, зніжэнне расходавання паліва на цягу цягнікоў, знос асноўных сродкаў.

Уладзімір Марозаў назваў аб'ёмныя паказчыкі работы па грузавых перавозках рэкорднымі за шэраг мінулых гадоў.

Аб'ём перавозак грузаў склаў 157,2 млн тон або 107,4% да 2017 года, тарыфны грузаабарот — 52,6 млрд т-км, або 108% да 2017 года. Гэта максімальныя значэнні паказчыкаў з 1992 года. Пагрузка павялічана на 2,3 млн тон або на 2,6% і склала 89,8 млн тон.

Начальнік чыгункі адзначыў, што асноўнымі задачамі грузавога бізнес-блока на 2019 год з'яўляюцца: якасная сістэма ацэнкі патрэбнасці ў чыгуначных перавозках і іх перспектыўнае планаванне. Пры гэтым падкрэсліў, што вырашаць іх трэба сумесна з міністэрствамі і ведамствамі, грузаўладальнікамі, у мэтах рацыянальнага кіравання пагрузачнымі рэсурсамі.

Таксама неабходна працягнуць работу па прыцягненні новых аб'ёмаў перавозак грузаў, з прапановай кліентам комплексных лагістычных прадуктаў. Уладзімір Марозаў заклікаў на сістэмнай аснове праводзіць работу з грузаадправіцелямі, уласнікамі рухомага саставу па арганізацыі перавозак у вагонах, якія не належаць перавозчыку, а таксама з выкарыстаннем альтэрнатыўных відаў рухомага саставу.

Кіраўнік галіны паставіў задачу працягнуць далейшы рост сегмента кантэйнерных перавозак у зносінах Кітай—Еўропа—Кітай на прасторы каляі 1520 мм, якія рэалізуюцца сёння праз Белінтэртранс і АТЛК ЕРА.

У мінулым годзе быў рэалізаваны і шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы пасажырскага комплексу. Чыгунка забяспечыла рост пасажырскіх перавозак у міжнародных, гарадскіх і міжрэгіянальных зносінах бізнес-класа.

«Новыя сэрвісы, новыя паслугі, новыя маршруты — гэта тыя ключавыя фактары, якія змогуць прадвызначыць у нашу карысць перавагі патэнцыйных пасажыраў пры выбары віду транспарту», — адзначыў Уладзімір Марозаў.

У бліжэйшыя некалькі гадоў плануецца набыццё 10 электрацягнікоў пяцівагоннай састаўнасці серыі ЭПМ і 6 дызель-цягнікоў шасцівагоннай састаўнасці для арганізацыі перавозак пасажыраў у міжрэгіянальных зносінах.

Начальнік чыгункі заклікаў сканцэнтраваць намаганні калектыву на развіцці хуткасных міжрэгіянальных зносін бізнес-класа паміж г. Мінскам і абласнымі цэнтрамі, стварэнні ўмоў даступнасці для асоб з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння, сістэм інфармацыйнага забеспячэння і інш.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць працягнуць супрацоўніцтва з чыгуначнымі адміністрацыямі краін СНД і Балтыі, Еўрасаюза ў частцы пашырэння геаграфіі маршрутных напрамкаў у пасажырскім руху з прадастаўленнем высокага ўзроўня паслуг і ўжываннем гібкіх тарыфных умоў.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Беларускай чыгункі ў сферы грузавых і пасажырскіх перавозак з'яўляецца павышэнне якасці абслугоўвання на аснове сучасных лічбавых рашэнняў.

У 2018 годзе чыгункі Беларусі і Расіі перавялі на беспапяровыя лічбавыя тэхналогіі практычна ўсе грузавыя чыгуначныя перавозкі ў двухбаковых зносінах. Забяспечаны транзітныя перавозкі па электронных накладных СМГС па маршруце Калінінград—Літва—Беларусь—Расія і ў зваротным кірунку.

Для забеспячэння электроннага ўзаемадзеяння з грузаўладальнікам развіваецца функцыянал аўтаматызаванай сістэмы «Электронная перавозка».

З студзеня 2019 партнёрам БЧ стала даступна мабільная праграма, якая забяспечвае афармленне і суправаджэнне грузаперавозак з выкарыстаннем юрыдычна значных электронных дакументаў.

Працягваецца работа, накіраваная на ўдасканаленне аказання паслуг пры арганізацыі пасажырскіх перавозак. У першым паўгоддзі 2019 года плануецца завяршыць укараненне электронных праязных дакументаў для цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа.

На працягу 2018 года праводзілася планамерная работа па абнаўленню асноўных сродкаў. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 262 млн рублёў. Значная частка сродкаў накіравана на набыццё рухомага саставу і развіццё інфраструктуры. Сярод асноўных інвестыцыйных праектаў - Мікрапрацэсарная цэнтралізацыя Гомельскага вузла, Развіццё чыгуначнай станцыі Смаргонь, Мадэрнізацыя сродкаў сувязі ўчастка Мікашэвічы—Лунінец, Рэканструкцыя будынка вакзала Баранавічы-Палескія. У 2018 годзе Беларускай чыгункай былі набыты 689 адзінак грузавых вагонаў. Пачаты работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў.

У 2019 годзе на інвестыцыйную дзейнасць будзе накіравана 643 млн рублёў. Плануецца набыццё больш за 2 000 грузавых вагонаў, 3 дызель-цягнікоў, 30 пасажырскіх вагонаў.

Працягнуцца работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў, па ўкараненні мікрапрацэсарнай цэнтралізацыі на Гомельскім і Калінкавіцкім чыгуначных вузлах, па мадэрнізацыі прылад электрычнай цэнтралізацыі і аўтаблакіроўкі на ўчастку Жлобін—Калінкавічы—Славечна. У 2019 годзе плануецца адкрыццё будынка Цэнтра кіравання перавозкамі.

Уладзімір Марозаў адзначыў, што ў бягучым годзе чыгунка павінна прыступіць да фарміравання праграмы развіцця на чарговы пяцігадовы перыяд, у якой неабходна сфармуляваць задачы і перспектыўныя мэтавыя ключавыя параметры, прыярытэтныя інвестыцыйныя праекты для забеспячэння ўстойлівай работы чыгуначнай галіны краіны.

У вобласці кадравай палітыкі Уладзімір Марозаў падкрэсліў, што падрыхтоўка кваліфікаванага персаналу з'яўляецца важным складальнікам стратэгіі ўстойлівага развіцця працоўнага калектыву.

На чыгунцы сфарміравана і дзейнічае сістэма матывацыі высокапрадукцыйнай работы. У 2018 годзе 1666 работнікаў, якія ўзнагароджаны дзяржаўнымі і галіновымі ўзнагародамі.

Па-ранейшаму вялікая ўвага надавалася развіццю сацыяльнай сферы і падтрымцы ветэранаў вайны і працы.

Таксама ў сваім дакладзе Уладзімір Марозаў закрануў актуальную тэму невытворчага траўматызму. Ён адзначыў, што на БЧ праводзіцца сістэмная работа ў гэтым кірунку. У 2018 годзе на чыгунцы адбылося 115 выпадкаў, што на 7 менш, чым у 2017 годзе.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў з'яўляецца ігнараванне грамадзянамі мер бяспекі пры знаходжанні на чыгуначных пуцях. Разам з тым, ён заклікаў кіраўнікоў арганізацый чыгункі прымаць вычарпальныя меры па прафілактыцы і папярэджанні няшчасных выпадкаў на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

З заключным словам на пасяджэнні тэхніка-эканамічнага савета выступіў Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка. Міністр адзначыў, што галоўнай задачай чыгуначнага транспарту краіны з'яўляецца забеспячэнне ўсіх сектараў эканомікі рухомым саставам і задавальненне патрэбнасці грузаадправіцеляў і грузаатрымальнікаў ў перавозцы грузаў. Ён звярнуў увагу на неабходнасць далейшай актывізацыі работ па электрыфікацыі ўчасткаў чыгуначных ліній Жлобін—Калінкавічы—Барбароў. А таксама заклікаў ужо сёння прапрацоўваць пытанне аб электрыфікацыі ў наступнай пяцігодцы ўчасткаў Баранавічы—Лунінец—Сітніца, Сітніца—Калінкавічы. Таксама Аляксей Аўраменка падкрэсліў, што сёння адной з галоўных задач калектыву галіны з'яўляецца працяг работ па развіццю лічбавых тэхналогій на чыгуначным транспарце. У завяршэнне свайго выступлення міністр звярнуў увагу на далейшае ўдасканаленне пасажырскіх перавозак, правядзенне на высокім арганізацыйным узроўні транспартнага абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў, а таксама выказаў упэўненасць, што калектыў Беларускай чыгункі паспяхова выканае пастаўленыя перад ім задачы.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год