Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка пачала прыёмачныя выпрабаванні аднасекцыйных грузавых электравозаў БКГ2

14 красавіка 2016

На Беларускай чыгунцы пачаліся прыёмачныя выпрабаванні першых двух аднасекцыйных грузавых электравозаў БКГ2 вытворчасці Датунскага электравозабудаўнічага завода (КНР), якія прыбылі ў лютым у лакаматыўнае дэпо Баранавічы. БКГ2 набыты БЧ у рамках інвестыцыйнага праекта па абнаўленні рухомага складу з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў кітайскай народнай Рэспублікі.

Падчас прыёмачных выпрабаванняў новыя лакаматывы правераць на адпаведнасць тэхнічнаму заданню, якое ўключае патрабаванні эксплуатацыйнай, пажарнай, экалагічнай бяспекі, электрабяспекі і сумяшчальнасці з інфраструктурай.

Тэсты праводзяцца выпрабавальным цэнтрам чыгуначнага транспарту «Сека» УА «Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту» на атэставаных электрыфікаваных участках Лясная—Даманава, Стаўбцы—Гарадзея і інш. Арганізацыю і тэхнічнае суправаджэнне забяспечвае Канструктарска-тэхнічны цэнтр Беларускай чыгункі.

 

Перад прыёмачнымі выпрабаваннямі электравозы прайшлі папярэднія (заводскія) выпрабаванні, пусканаладачныя работы з даследным прабегам 5000 км на участках Беларускай чыгункі.

БКГ2 выраблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага задання БЧ для ваджэння грузавых, у тым ліку і паскораных кантэйнерных цягнікоў. Магутнасць лакаматыва складае 7200 кВт.

За кошт канструктыўнага выканання і прымянення сучасных тэхналогій дадзеныя лакаматывы на 15% магутней электравозаў ВЛ80с, маюць канструкцыйную хуткасць 120 км/ч, хуткасць працяглага рэжыму — 65 км/г. У параўнанні з двухсекцыйнымі БКГ1, эксплуатацыя аднасекцыйных электравозаў БКГ2 значна больш эфектыўная за за кошт скарачэння ў сярэднім на 25% эксплуатацыйных выдаткаў на іх утрыманне, а таксама зніжэнне да 30% працаёмкасці тэхнічнага абслугоўвання і рамонту.

Магчымасць эксплуатацыі электравозаў па сістэме многіх адзінак (два тры лакаматыва злучаных разам) дазволіць арганізаваць перавозку цяжкавагавых цягнікоў, у тым ліку павялічыць хуткасць перамяшчэння грузапатокаў. Электравозы плануецца эксплуатаваць на ўсіх электрыфікаваных участках БЧ.

Падрыхтоўка ў рэйс і сэрвіснае абслугоўванне БКГ2, як БКГ1, будзе ажыцяўляцца на базе лакаматыўнага дэпо Баранавічы. Тут створаны адмысловы цэх па іх абслугоўванні і рамонту. Электравозы БКГ2 на 75% уніфікаваны з электравозам БКГ1, што з'яўляецца вялікім плюсам у эксплуатацыі, выкананні абслугоўвання і рамонту, забеспячэнні запаснымі часткамі.

Акрамя таго, сучасныя электравозы адрознівае высокі ўзровень камфорту для лакаматыўнай брыгады: зручныя эрганамічныя крэслы, кандыцыянер, ЗВЧ-печ, халадзільнік, санітарны вузел з вакуумным туалетам.

Да канца 2017 года ў лакаматыўным дэпо Баранавічы яшчэ плануецца паставіць 16 электравозаў БКГ2.

Набыццё сучасных электравозаў будзе садзейнічаць у далейшым пашырэнні магчымасцяў Беларускай чыгункі па перавозцы транзітных грузапатокаў, у тым ліку з улікам перспектыў рэалізацыі канцэпцый «Эканамічны пояс шаўковага шляху» і іншых праектаў, якія фарміруюць грузапатокі ў кірунку Усход—Захад—Усход.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2016 год