Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка зацвердзіла меры па забеспячэннi бяспекі руху ў 2015 годзе

04 лютага 2015

Беларуская чыгунка надае першачарговую ўвагу забеспячэнню бяспекі руху цягнікоў. Чыгуначнікі штогод праводзяць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне няшчасных выпадкаў на пуцях.

План мерапрыемстваў па арганізацыі планава-папераджальнай сістэмы забеспячэння бяспекі руху цягнікоў у 2015 годзе ўключае ў сябе 60 мерапрыемстваў, якія будуць ажыццяўляцца па 13 асноўных напрамках — пачынаючы з аналізу і прагназавання фактараў, якія ўплываюць на бяспеку руху і заканчваючы мерапрыемствамі па забеспячэнні бяспекі руху ў асобных гаспадарках чыгункі.

 

У тым ліку будзе рэгулярна праводзіцца абследаванне чыгуначнага транспарту агульнага карыстання і яго камунікацый на адпаведнасць патрабаванням эксплуатацыі і бяспекі руху. Прадугледжаны сістэматычная праверка стану пуцi, агляды пешаходных мастоў, камісійнае абследаванне пераездаў і пешаходных пераходаў. Асобная ўвага будзе нададзена рабоце ўстройстваў сігналізацыі і сувязі, забеспячэнню бяспекі руху ў гаспадарцы электрыфікацыі і электразабеспячэння, перавозцы небяспечных грузаў. На бягучы год таксама традыцыйна запланавана правядзенне тэхнічнай вучобы і семінараў, школ перадавога вопыту па безаварыйнай працы і ўзорнаму ўтрыманню гаспадаркі і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Адначасова Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымi на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў, якія адбываюцца на чыгуначных пуцях, з'яўляецца невыкананне мер бяспекі. Так, у 2014 годзе, па-ранейшаму высокімі заставаліся рызыкі на чыгуначных пераездах — адбылося 23 дарожна-транспартныя здарэннi, якія прывялі да пашкоджання лакаматываў. Пры гэтым загінула 5 чалавек: машынiсты і пасажыры аўтатранспарту. Усе выпадкі адбыліся не па віне чыгуначнікаў, а з'явіліся вынікам прамога парушэння Правілаў дарожнага руху.

Беларуская чыгунка нагадвае пра неабходнасць выконваць элементарныя правілы бяспекі:

  • не пераходзьце і не пераязджайце на аўтамабілі чыгуначны пераезд пры закрытым шлагбаўме і забараняльным сігнале святлафора.
  • не хадзіце па чыгуначных пуцях;
  • пераходзіце пуцi толькі ва ўстаноўленых месцах, карыстаючыся пешаходнымі пераходамі, тунэлямі, пераездамі або насціламі;
  • перад пераходам пуцi пераканайцеся ў адсутнасці цягніка, якi рухаецца;
  • не пераходзьце пуцi адразу пасля праходу цягніка аднаго кірунку, не пераканаўшыся ў адсутнасці цягніка сустрэчнага напрамку;
  • не пакідайце дзяцей без нагляду паблізу аб'ектаў чыгуначнага транспарту, растлумачвайце ім правілы бяспекі;
  • не падлазьце пад вагоны.

 

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год