Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Пры падтрымцы Беларускай чыгункі ўпершыню ў Беларусі пройдзе Міжнародны чыгуначны бізнес-форум «Стратэгічнае партнёрства 1520: Цэнтральная і Усходняя Еўропа»

06 верасня 2013

Міжнародны чыгуначны бізнес-форум «Стратэгічнае партнёрства 1520: Цэнтральная і Усходняя Еўропа» адбудзецца ў Мiнску 10 кастрычніка. Мерапрыемства праводзіцца па ініцыятыве і пры падтрымцы Беларускай чыгункі і ААТ «Российские железные дороги».

Удзел у бізнес-форуме возьмуць кіраўнікі нацыянальных чыгуначных кампаній краін СНД і Еўрапейскага саюза, міжнародных арганізацый, профільных органаў дзяржаўнага кіравання.

 

«Стратэгічнае партнёрства 1520» з'яўляецца спецыялізаваным міжнародным бізнэс-форумам па чыгуначнай праблематыцы. Гэта найбуйнейшая дзелавая сустрэча лідараў чыгуначнага бізнесу на прасторы «шырокай» каляіны. Ключавая ідэя — садзейнічаць выпрацоўцы скаардынаваных падыходаў па развіцці чыгуначнай галіны на «прасторы 1520». Традыцыйна бізнес-форум праводзіцца два разы на год — адзін раз у Расіі ў Сочы, і адзін раз месцам яго правядзення становіцца адна з краін «шырокай» каляіны. У 2013 годзе ўпершыню ён пройдзе ў Беларусі і будзе прысвечаны праблемам і перспектывам чыгуначнай галіны краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

У рамках бізнес-форуму лідары найбуйнейшых чыгуначных кампаній абмяркуюць пытанні транзітных перавозак у зносінах Азія—Еўропа—Азія, развіцця лагістычнага бізнесу «прасторы 1520», арганізацыі міждзяржаўных пасажырскіх перавозак. Будзе разгледжана ўзаемадзеянне чыгуначных кампаній Беларусі, Расіі і Казахстана ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы і шэраг іншых актуальных пытанняў. Плануецца работа выставачнай экспазіцыі чыгуначнай тэхнікі і новага рухомага саставу Беларускай чыгункі на станцыі Ждановічы .

Беларуская чыгунка таксама прыме ўдзел у VII Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Транспарт і лагістыка-2013», Беларускім транспартна-лагістычным кангрэсе і II Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Лагістычны інжынірынг». Дадзеныя мерапрыемствы пройдуць у рамках Беларускага транспартнага тыдня ў перыяд з 8 па 10 кастрычніка.

На выставе «Транспарт і лагістыка-2013» будуць прадстаўлены стэнды чыгуначных адміністрацый, гандлёвых партоў і паромаў, транспартна-экспедытарскіх арганізацый, лагістычных кампаній, грузаадправіцеляў і грузаўладальнікаў. Свой стэнд прэзентуе і Беларуская чыгунка, на ім будуць прадстаўлены інавацыйныя праекты чыгункі ў сферы грузавых і пасажырскіх перавозак. Свае праекты на стэндах таксама прадставяць дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс - транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі", ААТ «Гомельскі электрамеханічны завод «, ААТ «Мінскі вагонарамонтны завод», ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», ТЭРДУП «Гомельчыгунтранс» .

У рамках Беларускага транспартна-лагістычнага кангрэса мяркуецца разгледзець сусветныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця транспартных і лагістычных сістэм, актуальныя пытанні іх дзяржаўнага рэгулявання, развіцця транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, аптымізацыі транспартных выдаткаў, прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у лагістыцы, павелічэння аб'ёму транзітных перавозак праз Беларусь. Запланавана правядзенне шэрагу сустрэч з чыгуначнымі адміністрацыямі краін СНД, Балтыі і Еўропы. Прадстаўнікі Беларускай чыгункі прымуць удзел у спецыялізаваных секцыях і круглых сталах, дыскусіях і тэматычных навукова-практычных семінарах, на якіх будуць абмяркоўвацца эканамічныя, прававыя, арганізацыйныя і навукова-тэхнічныя праблемы развіцця транспартнай галіны.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год