19—20 снежня Беларуская чыгунка праводзіць фестываль аматарскай паэзіі «Свіцязі яснай хупавыя крылы»
18 снежня 2015
Фестываль пройдзе на базе санаторыя «Свіцязь» Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
У ім возьмуць удзел паэты-аматары — работнікі ўсіх шасці аддзяленняў беларускай магістралі. Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Беларуская чыгунка і Беларускі прафесійны саюз чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.
Мэтамі фестывалю з'яўляюцца прыцягненне да аматарскай мастацкай творчасці, выяўленне лепшых паэтаў-аматараў сярод работнікаў Беларускай чыгункі, развіццё і папулярызацыя паэзіі, раскрыццё творчага патэнцыялу чыгуначнікаў.
Праграма фестывалю насычаная разнастайнымі мерапрыемствамі. Удзельнікі пабываюць у музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку і пачуюць паэтычныя чытанні на тэму: «Ёсць у мяне зямля, край светлай мары». У санаторыі «Магістральны» паэтам-аматарам будзе паказана тэатралізаванае прадстаўленне «Па матывах лірычных твораў А. Міцкевіча» у выкананні тэатральнага калектыву. Таксама паэты-чыгуначнікі прымуць удзел у літаратурнай кампазіцыі «О навагрудскі край — дом родны», майстэрні паэта «Законы вершаскладання», у літаратурнай гасцінай пазнаёмяцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў.
Вядома, галоўным мерапрыемствам фестывалю стане конкурсная праграма, якая будзе ўключаць ўдзел у трох намінацыях. У першай будуць прадстаўлены вершы на тэмы «Свіцязянка», «Адам Міцкевіч». У другой фестываль аматарскай паэзіі вершы на тэму «Рытмы дарогі ў сэрцы маім», а ў трэцяй ўдзельнікі прадставяць вершы на тэму «Я табе, бульбачка, кланяюся ў ножкі». У кожнай намінацыі будзе вызначана 1, 2, 3 і месца.
Журы, у склад якога ўвойдуць прафесійныя літаратары, будзе ацэньваць прадстаўленыя работы па такіх крытэрах, як раскрыццё тэмы, творчая знаходка аўтара, паэтычны вобраз, узровень тэхнікі вершаскладання.
Пераможцаў і ўдзельнікаў фестывалю чакаюць дыпломы і памятныя падарункі.
Правядзенне фестывалю стала добрай традыцыяй. Сёння на Беларускай чыгунцы дзейнічаюць клубы аматараў паэзіі, дзе з велізарнай любоўю работнікі Беларускай чыгункі апяваюць чыгунку ў вершах.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2015 год