Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка перадала ў дар Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы кнігу

14 снежня 2012

2012 год, абвешчаны Указам Кіраўніка дзяржавы, Годам кнігі, адзначаны для нашай краіны некалькімі слаўнымі юбілеямі. У бягучым годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння заснавальнікаў новай беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа, а беларуская магістраль адзначае сваё 150-годдзе.

 

Менавіта сувенірнае выданне кнігі «Гісторыя Беларускай чыгункі. З XIX-га стагоддзя ў стагоддзе XXI», прымеркаванае да 150-годдзя магістралі, было вырашана перадаць у дар Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы. У свой час першы народны паэт Беларусі служыў у 16 дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, пра што маюцца некаторыя звесткі ў кнізе пра гісторыю Беларускай чыгункі

Пры ўручэнні дадзенага выдання намеснік Начальніка Беларускай чыгункі П.В.Стоцкi адзначыў, што беларускія чыгуначнікі заўсёды ганарыліся сваімі знакамітымі калегамі. І вельмі прыемна, што сярод выдатных асоб, якія працавалі на чыгунцы, быў і вялікі беларускі паэт Янка Купала. Пётр Васільевіч падкрэсліў, што ў выданні, прымеркаваным да 150-годдзя Беларускай чыгункі, сабраны унікальны гістарычны матэрыял, і ён рады перадаць яго ў дар музею ад імя шматтысячнага калектыва беларускіх чыгуначнікаў.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы А.Р.Ляшковiч падзякавала Беларускую чыгунку за каштоўны падарунак, адзначыўшы, што першага народнага паэта Беларусі многае звязвае з чыгункай. І сёння, шмат у чым дзякуючы блізкасці да чыгункi, самым наведвальным філіялам музея з'яўляецца Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка».

Пасля ўручэння кнігі для прадстаўнікоў Беларускай чыгункі была праведзена экскурсія па музею. Таксама ў сувязі з тым, што Беларуская чыгунка мае свае музеі і плануе развіваць музейную сферу і далей, бакі дамовіліся працягнуць узаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх арганізацый.

Даведачна: на Беларускай чыгунцы 19 музеяў. Пяці музеям прысвоена званне «Народны музей». Агульная колькасць адзінак захоўвання складае больш за 45 тысяч.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2012 год