Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Чыгункі кліч адчуў яшчэ ў дзяцінстве

22 мая 2019

У 90-ы раз адзначыў дзень нараджэння жлабінчанін Аляксандр Антонавіч Афанасянка — ветэран Беларускай чыгункі, якой ён аддаў амаль сорак гадоў свайго доўгага жыцця.

На чыгунцы Аляксандр прападаў з дзяцінства, дапамагаючы бацьку, які працаваў стрэлачнікам на станцыі Салтанаўка — гэта ў некалькіх кіламетрах ад вёскі Хмяльное Буда-Кашалёўскага раёна, дзе на той час пражывала сям'я Афанасенкаў. Сам жа юнак чыгуначнікам стаў у 17 гадоў, уладкаваўшыся ў Жлобінскае вагоннае дэпо вучнем слесара. Потым пэўны час працаваў «башмачнікам (работнік сартавальнай горкі) на станцыі Жлобін, пакуль яму не даверылі больш адказную пасаду — саставіцеля цягнікоў.

У 60-80-я гады Аляксандра Афанасенку ведалі не толькі ў Жлобіне. Кіраўніцтва Беларускай чыгункі ставіла яго ў прыклад як аднаго з лепшых саставіцеляў цягнікоў. Аб гэтым сведчаць і шматлікія ведамасныя захвочванні Аляксандра Антонавіча — ганаровыя граматы і падзякі. Самай жа высокай узнагародай для яго стала Грамата Вярхоўнага Савета БССР, якую ён атрымаў у 1971 годзе з нагоды 100-годдзя Беларускай чыгункі.

На працу Аляксандра Афанасенку «вярталі некалькі разоў і пасля таго, як ён ужо пайшоў на заслужаны адпачынак. Адмовіць кіраўніцтву станцыі ветэран не мог, бо разумеў, што яго вопыт яшчэ запатрабаваны ў родным калектыве.

Сёння Аляксандр Афанасенка, нягледзячы на паважаны ўзрост, па-ранейшаму адчувае сябе бадзёра. Але займаецца ўжо толькі ўласнай гаспадаркай, калі сезон — корпаецца ў агародзе, даглядае дом, які пабудаваў сваімі рукамі. Дапамагаюць ветэрану адзін з яго сыноў, які пражывае ў Жлобіне, і нявестка. На жаль, жонкі Аляксандра Антонавіча ўжо звыш дваццаці гадоў як няма ў жывых.

У дзень нараджэння ветэрана да яго дамоў наведаліся начальнік станцыі Жлобін Валерый Каласок, яго намеснік па кадрах і ідэалагічнай рабоце Павел Кавалёў і старшыня ветэранскай арганізацыі Таццяна Севасцюк. Яны павіншавалі юбіляра са знамянальнай датай, уручылі яму падарунак і кветкі, пажадалі яшчэ доўгіх гадоў жыцця.

М. Шуканаў

Новы дзень

21.05.2019

К списку новостей за 2019 год