Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Машыністы ў спадніцах

24 апреля 2019


mashinist_jenshinna.JPG
Як жанчыны на вайне кіравалі паравозамі

Жанчына на вайне не парадокс і не выключэнне. Падчас Вялікай Айчыннай у шэрагах Чырвонай Арміі служыла не менш за 800 тысяч прадстаўніц прыгожага полу. Яны ваявалі на роўных з мужчынамі ў авіяцыі, пяхоце, ваенна-марскім флоце і іншых войсках. Але вайна — гэта не только бой, раны, бамбёжкі. Людзей, тэхніку, зброю, гаручае для танкаў і машын трэба было яшчэ давезці да лініі фронту. І тут ратавалі чыгуначнікі, сярод якіх таксама сустракалася шмат жанчын: кандуктараў, вагонных майстроў, слесараў, рабочых. Былі нават славутыя машыністы ў спадніцах! І некаторыя з іх мелі непасрэднае дачыненне да Беларусі.

(Не)жаночая гэта справа

1920—1930-я гады ў Савецкім Саюзе падарылі маладому жаночаму пакаленню новыя прафесіі: яны вучыліся пілатаваць самалёты, кіраваць аўтамабілямі, трактарамі, камбайнамі, рамантаваць маторы, працавалі інжынерамі, геолагамі, будавалі дарогі і метро.

Многія дзяўчаты з рабочых сямей ішлі шляхам сваіх бацькоў. Менавіта так зрабіла дачка чыгуначніка з Кобрына Марыя Гальдштэйн. У 1925 годзе скончыла Мінскую школу фабрычна-заводскага навучання па спецыяльнасці «Паравозны слесар», а ў 1931-м атрымала правы кіравання паравозам. Яна стала першай жанчынай-машыністам на беларускіх чыгунках. Увогуле, у сярэдзіне 1930-х гадоў Марыя была сапраўдным наватарам у сваёй справе: стала вадзіць на Заходняй чыгунцы дальнія цяжкавагавыя цягнікі, пра што дагэтуль у нас маглі толькі марыць. Цікава, што менавіта на чыгунцы яна сустрэла свайго будучага мужа — Леаніда Арыстава, які ў далейшым стаў памочнікам машыніста. Усё жыццё яны працавалі ў адной брыгадзе, разам прайшлі і праз вайну.

Бацькі Алены Чухнюк былі звычайнымі сялянамі з-пад Вінніцы. Але гэта не перашкодзіла ёй пражыць яскравае жыццё, да якога і праз якое яна праехала, стоячы за рэверсам паравоза. Пасля выпуску са школы Алена думала вывучыцца на камбайнера, але ў 1938 годзе трапіла на курсы машыністаў пры Гомельскім лакаматыўным дэпо. Яна, дарэчы, была і застаецца адзінай жанчынай на Гомельшчыне, якая там кіравала цягнікамі. Прычым давала фору і мужчынам: вадзіла паравозы ў Оршу, Магілёў, Унечу, Чарнігаў. У 1941-м спрытная дзяўчына атрымала знак «Ганаровы чыгуначнік», а ёй тады было ўсяго 24 гады.

Рэйсы па вогненных рэйках

Вайна пачалася раптоўна для ўсіх, аднак чыгуначнікі, як і ваенныя, павінны былі не спыняцца ні на хвіліну. З рызыкай для жыцця яны планавалі і ажыццяўлялі эвакуацыю людзей, каштоўнасцяў, прамысловага абсталявання. Многія з іх загінулі ў першыя дні вайны.

Марыя Гальдштэйн-Арыстава з малым сынам на руках паспела з'ехаць у эвакуацыю ва Ульянаўск. Аднак і там без справы не сядзела: уладкавалася ў дэпо. Дасведчанаму слесару і машыністу былі радыя і там, куды вайна не дакацілася.

Алена Чухнюк 22 чэрвеня 1941 года пайшла ў чарговы рэйс. Дастаўляла грузы на фронт, вывозіла людзей у эвакуацыю на ўсход. Паралельна вучылася кіраваць паравозамі ва ўмовах святломаскіроўкі і выводзіць іх з-пад агню. Ва ўспамінах Алена пісала, што падчас першай бамбёжкі яна фактычна мела дуэль з нямецкім бамбардзіроўшчыкам — рэзка набірала і скідвала хуткасць, каб не даць лётчыку прыстасавацца да тэмпу цягніка. У той дзень груз яна даставіла ў поўным аб'ёме. Ці ж мог вораг здагадацца, што прайграў не проста машыністу, а маладзенькай дзяўчыне?

Дарэчы, памочніцамі Алены былі Таццяна Латышава і Часлава Горбач. «Дзявочую брыгаду» кіраўніцтва чыгункі шкадавала: напрыклад, накіроўвалі пераганяць паравозы ў Сярэднюю Азію. Аднак гэтая тройца ўсё роўна рвалася назад — туды, дзе рэйкі палалі пад варожым агнём.

Камандзіры на фронце

Калоны паравозаў асаблівага рэзерву (АРКП) з'явіліся ў маі 1942 года як унікальны варыянт забеспячэння дастаўкі грузаў на вялікія адлегласці. Яны былі манеўраныя і дзейнічалі фактычна ў аўтаномным рэжыме, у адрыве ад дэпо і асноўных рамонтных баз. Кожная калона мела лакаматыўны рэзерв: 15—30 паравозаў адной серыі. Выкарыстоўваліся самыя надзейныя машыны: грузавыя паравозы Э («Эшка»), СО («Серго Арджанікідзэ»), ФД («Фелікс Дзяржынскі»). Машыністы такіх калон павінны былі мець найвышэйшую прафесійную кваліфікацыю, каб манеўраваць у самых жорсткіх баявых умовах на чыгунках рознай якасці, нават спехам пракладзеных на голай зямлі. Падрыхтаваць такіх на паскораных курсах было немагчыма, патрэбны былі вопытныя чыгуначнікі, вядомыя яшчэ да вайны. Вядома, Марыя Гальдштэйн-Арыстава і Алена Чухнюк аказаліся аднымі з першых, каго выклікалі на вайсковую службу.

Склад калоны залежаў ад колькасці паравозаў: калі было да 30 паравозаў, то ім належала 36 вагонаў, да 15 паравозаў — 16. Абавязкова меўся асобны вагон для кожнай паравознай брыгады і па адным для гаспадарчага блока, лазні і майстэрні. Кожная калона ў межах ваеннага становішча з'яўлялася асобным воінскім падраздзяленнем, якім камандаваў начальнік, і складалася з трох ці шасці рот. У склад кожнай роты ўваходзіў персанал пяці паравозных брыгад, камандзірам з'яўляўся машыніст-інструктар ці інспектар па руху. Узвод складалі дзве цягніковыя брыгады і праваднік (13 чалавек), камандзірам быў старшы машыніст. Камандзірам узвода — брыгады № 5 — у АРКП-1 стала Марыя Гальдштэйн-Арыстава. На службу яна адправілася разам з мужам і маленькім сынам, каб не пакідаць яго ў дзетдоме. Да канца вайны сям'я разам ездзіла ў турным вагоне.

Алена Чухнюк трапіла ў склад калоны № 4 — таксама ў якасці камандзіра ўзвода. Першы рэйс адбыўся ўвосень 1942 года, па чыгунцы, зробленай на голай зямлі нават без насыпу. Везлі на фронт боепрыпасы, тэхніку, людзей. Алена прафесійным манёўрам разагнала паравоз да крытычнай кропкі і раптам дала тармажэнне. Так яна здолела вывезці з-пад агню 38 вагонаў з авіябомбамі. Аднак немцы зачапілі тэндар паравоза, дзяўчына была паранена ў нагу.

Марыя Гальдштэйн-Арыстава падчас Сталінградскай і Курскай бітваў правяла на фронт каля 1000 цягнікоў без аніводнай ахвяры ў складзе брыгады. Прызнанне яе асабістага майстэрства і самаадданасці — медаль «За абарону Сталінграда».

Узімку 1942—1943 гадоў калона № 4 была накіравана на Поўнач для транспарціроўкі да фронту вугалю з Варкуты. Тут замест фашыстаў ворагамі былі палярны мароз і буран. Алена Чухнюк успамінала, што колы літаральна прыліпалі да рэек, цягнік рабіўся «непаслухмяны». Але беларускіх чыгуначніц гэта не пужала: выконваючы заданне, яны яшчэ спаборніцтвы на хуткасць разгарнулі — ва ўмовах, калі паравозы рухаліся на дровах!

Летам 1943 года падчас Курскай бітвы калоны везлі да лініі фронту танкі пад аховай прыладжаных на платформах зенітак. На прыпынках танкі з'язджалі на зямлю і адразу ішлі ў бой. Бамбілі страшна, аднойчы — сем разоў запар... 5 лістапада 1943 года Алена Чухнюк — адна з трох жанчын-чыгуначніц — атрымала найвышэйшую працоўную ўзнагароду: званне Героя Сацыялістычнай Працы.

1-я і 4-я калоны працавалі на франтавых чыгунках да самай Перамогі: дастаўлялі вугаль, вазілі зброю і амуніцыю ў Гомель і Жлобін, кантралявалі работу Паўднёва-Заходняй і Львоўскай чыгунак.

Пасля вайны

Калі калоны расфарміравалі, чыгуначнікі вярнуліся да мірнай працы, каму пашчасціла — на даваеннае месца. Арыставы зноў кіравалі цягнікамі ў дэпо Мінска. Марыя стала старшынёй прафкама, потым працавала машыністам-інструктарам. Была ўзнагароджана медалямі «За Перамогу над Германіяй», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945». Алена Чухнюк працавала ў Міністэрстве шляхоў зносін, была Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання. Дарэчы, апошні ў жыцці рэйс Алена Міронаўна ажыццявіла 9 мая 1999 года. Яна асабіста кіравала спеццягніком, які вёз да мемарыялу Вялікай Перамогі на Паклоннай Гары ў Маскве ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандра КУузняцова-Ціманава

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук

Звязда

24.04.2019

К списку новостей за 2019 год