Ветэраны-чыгуначнікі адсвяткавалі Дзень вызвалення
29 января 2019
У шэрагу мерапрыемстваў, што на працягу года праходзяць у Цэнтры вольнага часу станцыі Калінкавічы, асаблівае месца займае свята ў гонар вызвалення горада i раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па добрай звычцы на яго запрашаюцца вельмі паважаныя людзі — ветэраны вузлавых прадпрыемстваў. Для ix арганізоўваюцца канцэртная i танцавальная праграмы, салодкі стол.
Не стаў выключэннем i бягучы год. Сустрэча ў Цэнтры вольнага часу, прымеркаваная да 75-й гадавіны гістарычнай даты, прайшла весела i цікава. Напачатку на сцэну быў запрошаны вядучы спецыяліст раённага ваенкамата Юрый Цітоу, які расказаў, як адбывалася вызваленне Калінкавіч, i павіншаваў ветэранаў-чыгуначнікаў са святам.
Свае віншаванні з найлепшымі пажаданнямі прысутным таксама адрасавалі старшыня савета ветэранаў Калінкавіцкага чыгуначнага вузла Аляксандр Аляксееў i старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Калінкавіцкай дыстанцыі сігналізацыі i сувязі Mixaiл Маслак.
А далей самадзейныя выканаўцы рознага ўросту, ад дашкольнікаў да тых, хто даўно на пенсіі, парадавалі публіку цудоўнымі песнямі i танцавальнымі нумарамі. І калі для школьніка Яраслава Грыгарэнкі, як i для выхаванцаў дашкольнай установы № 8, гэта быў сцэнічны дэбют, то за плячыма удзельнікаў народнага хору ветэранаў «Кветкі Палесся» культурна-спартыўнага комплексу Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі (мастацкі кipaўнік Яўген Брухавецкі) незлічаная колькасць розных выстулленняў. Як заўжды, прыгожымі галасамі i манерай выканання парадавалі супрацоўнік РАУС Уладзімір Грыгарэнка i работніца Бабровіцкага сельскага Дома культуры Таццяна Харлан.
Сяргей Сяргееў
Калінкавіцкія навіны
26.01.2019