Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Вакзал для ўсіх. Як забяспечваюцца спакой і парадак у шматлюдным месцы

30 января 2019

Сустракаючы аднойчы расійскіх гасцей на Лідскім чыгуначным вакзале, з першых крокаў па пероне пачула прыемныя ўражанні аб горадзе. А выкліканыя яны былі такой карцінай: на невялікай абмежаванай тэрыторыі ў баку ад вакзала, каля знака «Месца для курэння», стоўпіліся некалькі мужчын з папяросамі ў руках.

«Вось гэта выхаванне! — здзівіліся госці. — Усюды бы так». Падобны эксперымент станцыі Ліда па барацьбе з курэннем сапраўды паспяховы і паказальны як для шматлікіх пасажыраў, якія штодзень праходзяць праз чыгуначны вакзал, так і для многіх арганізацый і прадпрыемстваў, прычым не толькі ў Лідзе, але і за яе межамі. А заслуга ў паспяховасці эксперымента належыць як адміністрацыі мясцовай чыгункі, так і аб'яднанай добраахвотнай дружыне станцыі Ліда па ахове правапарадку.

Суполка лідскіх чыгуначнікаў і праваахоўнікаў аддзялення ўнутраных спраў на транспарце, аб'яднаных адной мэтай — зрабіць так, каб на чыгунцы (і на вакзале ў прыватнасці) было камфортна і спакойна кожнаму, — афіцыйна створана пятнаццаць год таму. У яе ўваходзяць супрацоўнікі лакаматыўнага дэпо Ліда (і іх колькасны склад найбольшы), станцыі Ліда, дыстанцыі сігналізацыі і сувязі і дыстанцыі пуці — усяго 27 чалавек. Больш за пяць год узначальвае дружыну намеснік начальніка па кадрах дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Іван Бандарэнка.

На чыгунцы Іван Барысавіч працуе з 2006 года, у 2008-м сам стаў дружыннікам, а ў 2013-м быў абраны камандзірам. Галоўная ідэя дружыннікаў — ахова правапарадку на станцыі — гэта і яго асабістая неабыякавая пазіцыя.

— Усе мы жыхары свайго горада, — адзначае Іван Барысавіч. — І калі кожны прыкладзе хаця б крыху сваіх намаганняў, то па вуліцах нашага агульнага дома можна будзе хадзіць заўсёды ўпэўнена і спакойна, а паслухмянасць закону стане абавязковым правілам жыцця няхай і не для ўсіх, але для большасці дакладна.

Штодзень, па графіку, добраахвотныя дружыннікі выходзяць на дзяжурствы. Патрулююць тэрыторыю каля чыгуначнага вакзала і сам вакзал, суправаджаюць цягнікі ў накірунках Ліда — Беняконі, Ліда — Масты, Ліда — Наваельня і Ліда — Юрацішкі.

— Як правіла, не імкнёмся прымяняць пакаранні, у большасці выпадкаў дзейнічаем папярэджаннем, — расказвае Іван Бандарэнка. — Падыходзім, ветліва гаворым, што той ці іншы ўчынак, парушэнне закону могуць выклікаць непрыемнасці і абярнуцца немалым штрафам ці іншым пакараннем. У асноўным людзі разумеюць, правільна рэагуюць і нават дзякуюць за папярэджанне. У рэдкіх выпадках, калі бачым, што чалавек знарок парушае закон, здзяйсняе злосны ўчынак або збіраецца гэта зрабіць, прымяняем іншыя меры. Тым больш што міліцыя побач.

Іван Барысавіч адзначае: «Быць дружыннікам на лідскай чыгунцы прэстыжна. Гэта павага і меры матэрыяльнага заахвочвання (на чыгунцы гэта дзесяць працэнтаў ад базавай велічыні за кожную гадзіну ўдзелу ў ахове правапарадку). З ахвотай уступаюць у нашыя рады многія, у тым ліку моладзь. Тым больш што і прыклад ёсць, добраахвотніцтва — гэта ўжо традыцыя, якую атрымлівае ў спадчыну кожнае новае пакаленне чыгуначнікаў».

Нездарма аб'яднаная добраахвотная дружына станцыі Ліда — фаварыт на абласным аглядзе-конкурсе добраахвотных дружын. Іван Барысавіч успамінае: калі ўдзельнічалі ў конкурсе першы раз, то занялі дванаццатае месца, потым было пятае. У 2017-м і 2018-м — другое і трэцяе месцы адпаведна. А добраахвотная дружынніца Вольга Стракоўская, кладаўшчык лакаматыўнага дэпо Ліда, другі год запар прызнаецца лепшай дружынніцай Гродзенскай вобласці. Дарэчы, дружыну хутка чакаюць змены. Праз некалькі месяцаў кіраўніцтва пяройдзе ў жаночыя рукі: плануецца, што дружыну ўзначаліць Аліна Іода, спецыяліст па кадравай рабоце лакаматыўнага дэпо Ліда.

Ольга Яхонтова

http://lidanews.by/news/life/15948news.html

29.01. 2019

К списку новостей за 2019 год