Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

У маёнтак да Дзеда Мароза

22 декабря 2018

Святочны цягнік, які складаецца з купэйных вагонаў, будзе дастаўляць турыстаў у госці да Дзеда Мароза ў Нацыянальны парк «Белавежская пушча» 23 і 28 снежня і 2, 4, 6, 11 студзеня, паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.

Цягнік будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 21.50 і прыбываць у Брэст раніцай наступнага дня ў 7.40, адкуль турыстаў даставяць у Белавежскую пушчу на камфартабельных аўтобусах. Там госці правядуць цэлы дзень. Падарожнікаў чакае насычаная навагодняя экскурсійная праграма: яны наведаюць маёнтак беларускага Дзеда Мароза, убачаць домік Снягуркі, музей падарункаў «Скарбніца», чароўны калодзеж і ветраны млын, змогуць загадаць жаданне на Паляне казак і атрымаць навагодні падарунак ад самога Дзеда Мароза. У праграму тура таксама ўваходзіць знаёмства з музеем прыроды, шпацыр уздоўж вальераў з жывёламі і пачастунак блінамі з гарбатай на пушчанскіх травах. Назад у сталіцу з Брэста навагодні цягнік адправіцца ў 17.50 і прыбудзе ў Мінск у 22.15, у дарозе пасажыраў чакаюць конкурсы ад аніматараў.

У бягучым навагоднім сезоне турыстычны цэнтр «Дартур» Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі плануе арганізаваць восем навагодніх цягнікоў.

Акрамя гэтага 22 снежня Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава адкрывае праект «Навагодні экспрэс». Святочны цягнік будзе курсіраваць у дні зімовых канікул, калядных і навагодніх свят з 22 снежня да 7 студзеня. Першы ў гэтым сезоне цягнік, якім будуць кіраваць юныя чыгуначнікі, адправіцца з перона станцыі Заслонава сёння ў 11.00.

Дзіцячая чыгунка запрашае мінчан і гасцей сталіцы здзейсніць незабыўнае падарожжа па снежаньскім лесе. На станцыі «Сасновы Бор» будзе арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае Мінскім Палацам культуры і спорту чыгуначнікаў. Дзеці сустрэнуцца з казачнымі героямі, Дзедам Марозам і Снягуркай, прымуць удзел у навагодніх конкурсах і гульнях.

Білеты на «Навагодні экспрэс» ужо ў продажы. Іх можна набыць на станцыі Заслонава Дзіцячай чыгункі. Кошт складае 17 рублёў.

Сяргей Расолька

Звязда
22.12.2018

К списку новостей за 2018 год