Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Добрая сувязь як кампанент іміджу краіны

09 августа 2018

Афіцыйны аператар сувязі Еўрапейскіх гульняў кампанія Velcom і Беларуская чыгунка (БЧ) ў рамках падрыхтоўкі да мультыспартыўнага форуму прадставілі ўнікальнае для Беларусі тэхнічнае рашэнне сувязі для пасажырскіх цягнікоў. Новая распрацоўка дазваляе адначасова забяспечыць пасажыраў бясплатным інтэрнэт-доступам па тэхналогіі Wi-Fi і ўстойлівай мабільнай 3G-сувяззю пры любой хуткасці руху цягніка.

Цяпер такое рашэнне запушчана ў адным электрацягніку рэгіянальных ліній бізнес-класа, а да пачатку II Еўрапейскіх гульняў будзе разгорнута яшчэ ў 17 цягніках. Уздоўж чыгуначнага палатна будзе таксама пабудавана каля 100 новых базавых станцый на асноўных чыгуначных магістралях: Гомель — Гудагай і Брэст — Орша. Пакрыццё мабільнай сувяззю будзе істотна палепшана і на памежных пераходах, і на інфраструктурных аб'ектах: трэніровачных базах, гасцініцах і іншых лакацыях. «Усё гэта робіцца для таго, каб госці і ўдзельнікі Гульняў былі забяспечаны звышвыразнай галасавой сувяззю і ўстойлівым інтэрнэт-злучэннем незалежна ад месца свайго знаходжання», — адзначае начальник аддзела планавання радыёсеткі кампаніі Velcom Аляксей Карніцкі.

Ва ўсіх вагонах цягнікоў будуць устаноўлены пункты доступу Wi-Fi, якія падключаныя да маршрутызатара з бесправадным мадэмам. Узмацняльнае абсталяванне рэтранслюе атрыманы ад базавых станцый сігнал 3G-сеткі праз пракладзены ў вагонах кабель. А для паляпшэння прыёму сігналу як сістэмы Wi-Fi, так і ўзмацняльнікаў сігналу выкарыстоўваюцца спецыяльныя антэны, устаноўленыя на даху цягніка. Тэхнічная распрацоўка дазваляе забяспечыць устойлівую мабільную сувязь у цягніках, нягледзячы на металічныя сценкі вагонаў, якія дрэнна прапускаюць сігнал, высокую хуткасць руху цягнікоў і аддаленасць ад базавых станцый.

Важна, што скарыстацца Wi-Fi, знаходзячыся ў дарозе, змогуць бясплатна абаненты ўсіх мабільных аператараў. Для гэтага пасажырам неабходна будзе прайсці рэгістрацыю праз партал аўтарызацыі, а пасля — атрымаць код доступу з дапамогай SMS на свой нумар мабільнага тэлефона.

Адзначым, што за мінулы месяц ужо каля пяці тысяч пасажыраў рэгіянальных ліній скарысталіся Wi-Fi у дарозе.

Для рэалізацыі згаданага праекта Беларуская чыгунка выдзеліла тэлекам-аператару ўчасткі для ўстаноўкі вышак сотавай сувязі, а таксама забяспечыла доступ да тэхналагічнага электрасілкавання. «Доступ да бесправаднога інтэрнэту ў цягніках і якаснай сувязі з'яўляюцца важным складнікам сэрвісу для пасажыраў нароўні з бяспекай, камфортам і скарачэннем часу ў дарозе, — адзначае намеснік начальника аддзела пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр Сырцоў. — Акрамя таго, павышэнне якасці сувязі дазволіць аптымізаваць спадарожныя тэхналогіі і сэрвісы БЧ, забяспечыўшы ўстойлівую работу прылад кантролю пасадкі пасажыраў, продаж білетаў праз інтэрнэт і безнаяўныя разлікі ў цягніках».

Дар’я Лабажэвіч

Звязда
09.08.2018

К списку новостей за 2018 год