Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

З хуткасцю экспрэса

21 марта 2012

Фірменны сайт Беларускай чыгункі змяніў "аблічча". Цяпер там на самым бачным месцы красуецца імклівы профіль кабіны найноўшага электрапоезда швейцарскай фірмы "Штадлер". I нездарма! 10 такіх саставаў на працягу папярэдняга года паступілі ў Беларусь і літаральна змянілі аблічча пасажырскіх перавозак у краіне. На прыгарадныя і рэгіянальныя лініі выйшаў прынцыпова новы па камфорце, хуткасці, бяспецы, экалагічнасці рухомы састаў. Адначасова рэканструюцца чыгуначныя вакзалы, станцыі і прыпынкі, мадэрнізуецца сталёвы пуць, мяняецца сама філасофія абслугоўвання пасажыраў.

Гарадскія лініі — першы этап рэалізацыі новага фармату пасажырскіх перавозак, да ўкаранення якога Беларуская чыгунка шырока прыступіла ў 2011 годзе. На іх пачалі курсіраваць 6 новых швейцарскіх электрапаяздоў. За імі рушылі ўслед рэгіянальныя лініі — на іх выходзяць 4 суперэлектрычкі. Новы фармат прадугледжвае таксама развіццё міжрэгіянальных, камер цыйных і міжнародных ліній. Як і ў Еўропе, звычайнай рэччу стане штодня ездзіць па чыгунцы на працу. I гэта зойме адносна няшмат часу. Такі наказ часу — Мінск не можа расці бясконца, прыйшла пара развіваць гарады-спадарожнікі, звязаныя са сталіцай на дзейнай і хуткай сувяззю. I чыгуначнікі, не чакаючы, пакуль у пасёлках Заслаўе, Калядзічы, Смалявічы, размешчаных ад Мінска за 30—40 кіламетраў, вырастуць сучасныя жылыя кварталы, пракладаюць туды новыя маршруты.

— Гарадскія электрапаязды сёння, па сутнасці, не маюць альтэрнатывы і не толькі звяжуць Мінск з прыгараднай зонай і гарадамі-спадарожнікамі, — канкрэтызуюць спецыялісты ўпраўлення Беларускай чыгункі, — але і зменшаць нагрузку на дарожную сетку і грамадскі транспарт сталіцы. Палепшыцца экалагічная абстаноўка ў мегаполісе. Нашы электрычныя прыгарадныя цягнікі возьмуць на сябе функцыі наземнага метро, у пасажыраў зявіцца магчымасць дабрацца ў патрэбнае месца з найменшымі затратамі часу, робячы зручныя перасадкі на іншыя віды транспарту.

Кантракт з кампаніяй "Штадлер" на пастаўку 10 сучасных электрапаяздоў Беларуская чыгунка заключыла ў 2010 годзе. Апошні з іх даставяць у краіну ў сярэдзіне 2012 года. Кожны электрапоезд, напрыклад, гарадскіх ліній складаецца з 4 вагонаў, прызначаных для перавозкі 606 пасажыраў з хуткасцю да 160 кіламетраў у гадзіну. Пры гэтым ён здольны разганяцца хутчэй, чым метро — гэта істотна скароціць час руху паміж прыпыначнымі пунктамі. На высокім узроўні і камфорт светлых, прасторных салонаў. Паязды маюць плаўны ход, уваходныя дзверы абсталяваныя паветранымі цеплавымі заслонамі, падлога ў тамбурах падаграваецца, каб не ўтваралася наледзь. Уваходзіць стала намнога зручней і хутчэй, бо ўзровень падлогі ў вагонах ніжэйшы за звычайны. Салоны аснашчаныя кандыцыянерамі, сістэмай відэаназірання, інфармацыйнымі табло. Адзін з вагонаў кожнага электрапоезда абсталяваны шматфункцыянальнай зонай для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама з веласіпедамі і дзіцячымі каляскамі. У ім прадугледжаны і туалетны комплекс вакуумнага тыпу.

Зяўленне гарадскіх ліній цалкам адпавядае высокай сацыяльнай функцыі чыгуначнага транспарту ў Беларусі. Пра што, дарэчы, гаворыць і цана паездкі ў суперэлектрычцы. На ўчастку працягласцю 21 кіламетр яна складае ўсяго каля 20 цэнтаў! 3 часам маршруты гарадскіх ліній звяжуць Мінск з усімі гарадамі-спадарожнікамі. Пры такіх цэнах ездзіць з іх на працу ў сталіцу не будзе накладна.

Першыя паязды рэгіянальных ліній фірмы "Штадлер" таксама ўжо перавозяць пасажыраў. На іх з камфортам можна адправіцца з Мінска ў горад Орша, размешчаны недалёка ад расійскай граніцы, альбо ў Баранавічы і адтуль — у Брэст на заходнім напрамку. Тым самым можна хутка і нядорага перасекчы практычна ўсю Беларусь. 3 часам такія паязды звяжуць усе абласныя і рэгіянальныя цэнтры краіны. Міжрэгіянальныя лініі працягнуцца паміж абласнымі гарадамі — іх у Беларусі шэсць. Паязды гэтых двух тыпаў будуць таксама дзяліцца па ўзроўні камфорту, хуткасці руху, кошце праезду і іншых фактарах на бізнес- і эканом-класы. Міжнародныя лініі дазволяць падарожнічаць у сумежныя і далёкія краіны. Тады падарожжа ў сталіцу Літвы Вільнюс зойме ўсяго 2,5—3 гадзіны. Зявяцца ў пасажырскіх зносінах і камерцыйныя лініі, якія арганізуюцца на дагаворных умовах.

Усё гэта, дарэчы, нядаўна займела ў Беларусі сілу нацыянальнага стандарту СТБ 2220-2011. Ён устанаўлівае агульныя патрабаванні да класіфікацыі паяздоў, інфраструктуры, рухомага саставу, паслуг, якія прадастаўляюцца пасажырам. Так, кожны вагон міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх ліній павінен быць абсталяваны ў тым ліку сістэмамі кандыцыяніравання паветра, ацяплення, відэаназірання. Агавораны і хуткасны рэжым, узровень населеных пунктаў, дзе будуць прадугледжаныя прыпынкі. Напрыклад, поезд бізнес-класа міжрэгіянальных ліній павінен мець маршрутную хуткасць не меншую за 90 кіламетраў у гадзіну. Каб выканаць гэту ўмову, вырашана, што ён будзе спыняцца ў гарадах з насельніцтвам звыш 50 тысяч чалавек. Трэба трапіць у меншы гарадок? Прыйдзецца пера сесці ў поезд эканом-класа, які спы няецца ў населеных пунктах колькас цю ад 20 тысяч жыхароў. Пры гэтым начныя паязды будуць абсталяваныя зручнымі спальнымі месцамі.

Тыповая рэгіянальная лінія — участак Мінск—Смалявічы—Жодзіна— Барысаў працягласцю 80 кіламетраў. У гэтым рэгіёне пражывае каля 225 тысяч чалавек. Ужо сёння многія пра цуюць або вучацца ў сталіцы, здзяйсняюць дзелавыя паездкі, рэгулярна прыязджаюць сюды за пакупкамі, каб наведаць тэатр або канцэрт. I з кож ным годам гэты паток нарастае. Аднак на дарогу на звычайнай электрычцы ў адзін бок ідзе каля паўтары гадзіны, у тым ліку таму, што поезд спыняецца ў дарозе аж 19 разоў. Поезд бізнес-класа будзе рабіць толькі некалькі прыпынкаў, у выніку сярэдняя хуткасць складзе каля 100 кіламетраў у гадзіну, і паездка з Барысава ў Мінск зойме значна менш часу.

У міжрэгіянальных зносінах, як прадугледжвае новы стандарт, поезд бізнес-класа будзе спыняцца толькі ў гарадах з насельніцтвам звыш 100 тысяч жыхароў. Напрыклад, паміж Брэстам і Мінскам плануецца прыпынак толькі ў Баранавічах. Час у дарозе скароціцца да 3—3,5 гадзіны — мара дзелавога чалавека! Прыкладна столькі ж зойме падарожжа ў Віцебск, Гомель, Магілёў, а таксама паміж самімі гэтымі гарадамі.

Прычым, прыйшоўшы на вакзал, пасажыру не прыйдзецца доўга шукаць свой поезд. У залежнасці ад тыпу лініі вагоны будуць пафарбаваныя ў той або іншы колер і нават мець сімвал у выглядзе кветкі, адпаведныя літарныя адзнакі. Гарадскія лініі будуць, напрыклад, чырвонага колеру з эмблемай гваздзіка і лацінскімі літарамі СL. Рэгіянальныя бізнес-класа — сіняга колеру з літарамі RLb. Міжрэгіянальныя — зялёнага, міжнародныя — жоўтага. Еўрапейскі стандарт!

За ўсім гэтым — вялікая і вельмі капіталаёмкая работа па абнаўленні рухомага саставу і рэканструкцыі сталёвых магістраляў, вакзалаў, якую выконвае Беларуская чыгунка ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця галіны на 2011—2015 гады. Вось толькі некаторыя факты. У маторвагонным дэпо Мінска ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне і падрыхтаваны кваліфікаваныя спецыялісты для тэхнічнага абслугоўвання сучасных электрапаяздоў. Рэканструявана чыгуначная інфраструктура, пасадачныя платформы паднятыя да ўзроўню падлогі вагонаў гарадскіх электрычак, так што ўваходзіць у поезд цяпер зручна і бяспечна. Новыя падземныя пешаходныя тунэлі робяць бяспечным пераход на іншы бок магістралі. Уложана трэцяя лінія галоўнага рэйкавага пуці. 3 часам чыгуначную станцыю Мінск-Паўночны звяжа пешаходны тунэль са станцыяй "Маладзёжная" Мінскай падземкі. Акрамя гэтага, у адпаведнасці са згаданай Дзяржаўнай праграмай развіцця чыгуначнага транспарту за 5 гадоў прадугледжана электрыфікаваць Асіповічы — Гомель, Жлобін — Калінкавічы, Маладзечна — граніца з Літвой. Плануецца набыць 29 электра- і 20 дызель-паяздоў, 182 пасажырскія вагоны. Хуткасць пасажырскіх к паяздоў узрасце да 140—160 кіламетраў у гадзіну. Падарожнічаць па чыгунцы стане гэтак жа хутка, зручна і камфортна, як на самалёце.

 

 

Уладзімір Якаўлеў

“БЕЛАРУСЬ.BELARUS

2012 № 2

К списку новостей за 2012 год