Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Майстар-клас для «Сталіцы»

Каманда БЧ атрымала пераканаўчую перамогу ў першым паўфінальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі. У выязным матчы ў Мінску чыгуначнікі разграмілі «Сталіцу» з лікам 7:1.

У гэтай пары фаварытамі першапачаткова лічылі каманду БЧ. Чыгуначнікі, у адрозненне ад сваіх супернікаў, маюць багаты вопыт выступлення менавіта ў кубкавых матчах. І ў цэлым выканальніцкае майстэрства, што яшчэ раз даказаў мінулы матч, вышэй у каманды БЧ. Першыя хвіліны гульні праходзілі ў роўнай барацьбе. Абедзве дружыны абменьваліся вострымі атакамі. Да сярэдзіны першага тайма ініцыятыва перайшла да чыгуначнікаў. Хуткасці ўзраслі. Мінчане сталі больш памыляцца ў сваёй штрафной плошчы, і ў рэшце рэшт гэта каштавала ім забітага гола. Лік у матчы на 8-й хвіліне адкрыў Канстанцін Кускоў. Спрабуючы адыграцца, гаспадары вялікімі сіламі пайшлі наперад. І прапусцілі яшчэ адны мяч — на 15-й хвіліне. Аўтар гола — Антон Гусакоў. Галоўны трэнер «Сталіцы» Ўладзімір Левус прыняў рашэнне аб замене варатара пятым палявым гульцом. Рашэнне аказалася вельмі спрэчным. Мінчане ўзмацнілі прэсінг на вароты БЧ, пакінуўшы сваю «рамку» без нагляду. У выніку яшчэ да заканчэння першага тайма прапусцілі два мячы. Перавагу чыгуначнікаў падвоілі Мікіта Андрыеўскі і Канстанцін Кускоў. На перапынак каманды пайшлі пры ліку 4:0 на карысць БЧ. У другім тайме расстаноўка сіл не змянілася: госці цалкам кантралявалі ход гульні. І давялі лік у матчы да разгромнага. Хет-трык аформіў Канстанцін Кускоў, забівалі таксама Дзмітрый Ганчароў і Максім Коцур. Як і ў першым тайме, многія мячы заляталі ў пустыя вароты «Сталіцы», пяты палявы гулец у мінчан не змог прынесці адчувальнай карысці. Хіба што забіў гол прэстыжу. Гэтая больш чым ўпэўненая перамога робіць гульню ў адказ проста фармальнасцю. Матч пройдзе ў суботу 18 студзеня ў гомельскім спарткомплексе «Лакаматыў», пачатак у 14:00. У другім паўфінальным паядынку не ўсё так адназначна: дзеючы ўладальнік Кубка Беларусі МАПІД адолеў» «ВітЭн» з лікам 4:3. Інтрыга аб пераможцы гэтага супрацьстаяння яшчэ захоўваецца.

Каментуючы вынікі матчу са «Сталіцай», галоўны трэнер каманды БЧ Эдуард Дземенкавец не хаваў свайго задавальнення:

— Мяне парадавала добрая рэалізацыя момантаў каля варот суперніка, а таксама надзейная гульня ў абароне. У цэлым усё, пра што я казаў з камандай перад гэтай гульнёй, атрымалася ажыццявiць. Выдатна праявіў сябе варатар Уладзімір Страмiлаў. Адыграў упэўнена і надзейна. У Гомелі будзем выходзіць на пляцоўку з добрым настроем. І вядома, разлічваем на падтрымку сваіх балельшчыкаў.

Фінал Кубка Беларусі плануецца правесці 25 студзеня.