Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Чыгуначнікі згуляюць у паўфінале

У матчы ў адказ 1/4 розыгрышу Кубка Беларусі каманда БЧ атрымала валявую перамогу над сталічным «Дарожнікам» і выйшла ў наступную стадыю турніру.

Падтрымаць каманду ў гомельскі спорткомплекс «Лакаматыў» прыйшло нямала балельшчыкаў. Усе яны сталі сведкамі цікавай і відовішчнай гульні. Каманда БЧ гуляла першым нумарам, упэўнена кантралюючы ход матчу. Аднак першымі забілі госці. Поспех «Дарожніку» прынесла атака на 2-й хвіліне гульні. У чыгуначнікаў было нямала магчымасцяў зраўняць лік, аднак да перапынку лічбы на табло не змяніліся — 1:0. У другой палове гульні каманда БЧ павялічыла прэсінг на вароты суперніка. Перавага гаспадароў пляцоўкі ўвасобілася ў двух забітых мячах. Спачатку на 21 -й хвіліне парытэт у рахунку аднавіў Дзмітрый Шулькiн, а яшчэ праз сем хвілін сказаў сваё важкае слова капітан нашай каманды Аляксей Чэхаўскі. Дзякуючы яго дакладнаму ўдару па варотах суперніка чыгуначнікі выйшлі наперад і атрымалі перамогу ва ўсім матчы з лікам 2:1. Нагадаем, у першай сустрэчы ў Мінску мацней быў «Дарожнік». Сталічная каманда атрымала перамогу з лікам 4:3. Аднак пуцёўку ў паўфінал па выніках двух матчаў атрымала ўсё ж такі каманда БЧ, паколькі забіла больш мячоў на пляцоўцы суперніка.

У квартэт наймацнейшых каманд турніру, акрамя БЧ, увайшлі дзеючы ўладальнік кубка краіны МАПІД, чэмпіён Беларусі «ВітЭн» і дэбютант вышэйшай лігі «Сталіца». Па выніках жараб'ёўкi менавіта з апошняй камандай чыгуначнікі правядуць два паўфінальныя матчы. Першы адбудзецца 12 студзеня ў Мінску, у спарткомплексе Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры (праспект Пераможцаў, 105А). Пачатак у 14.00. Падтрымка балельшчыкаў не будзе лішняй.