Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

30 красавіка 2021 года на станцыі Мінск-Пасажырскі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзённых хуткасных міжнародных пасажырскіх зносін па маршруце Мінск – Масква

03 мая 2021

На чыгуначным вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзённых хуткасных міжнародных пасажырскіх зносін па маршруце Мінск – Масква з арганізацыяй тэлемоста з Расійскай Федэрацыяй і адначасовым адпраўленнем у 16:00 з Мінска і Масквы ў першы рэйс цягнікоў № 718 Мінск – Масква і № 721 Масква – Мінск.

Ва ўрачыстай цырымоніі на тэрыторыі Рэспублікі прынялі ўдзел: Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Аўраменка, саветнік-пасланнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Фралоў, намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Уладзімір Жаўняк, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

У мерапрыемстве на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі прынялі ўдзел: Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, Міністр транспарту Расійскай Федэрацыі Віталь Савельеў, генеральны дырэктар - старшыня праўлення ААТ «РЖД» Алег Белазёраў.

У рамках урачыстай цырымоніі таксама адбылося ўшанаванне пасажыра, які першым набыў білет на цягнік № 718 Мінск – Масква. Памятны сувенір і сімвалічны праязны дакумент яму ўручыў Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Арганізацыя дзённых хуткасных пасажырскіх зносін паміж сталіцамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі – гэта новы сумесны праект Беларускай чыгункі і ААТ «РЖД».

Яго рэалізацыя накіравана на развіццё міжнародных пасажырскіх перавозак, умацаванне транспартных сувязяў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў.

Як падкрэсліў у сваім выступленні генеральны дырэктар - старшыня праўлення ААТ «РЖД» Алег Белазёраў, адкрыццё міжнародных хуткасных зносін паміж Масквой і Мінскам дазволіць жыхарам нашых краін стаць яшчэ бліжэй адзін да аднаго. Ён таксама адзначыў вялікую ролю ў рэалізацыі праекта беларускіх і расійскіх чыгуначнікаў і транспартных ведамстваў Беларусі і Расіі.

Па словах Начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава, дадзены праект з'яўляецца чарговым прыкладам эфектыўнага ўзаемадзеяння двух чыгуначных кампаній па развіццю міжнародных пасажырскіх перавозак. Ён выказаў упэўненасць, што сённяшняя падзея паслужыць імпульсам для рэалізацыі новых цікавых праектаў Беларускай чыгункі і ААТ «РЖД». «Сімвалічна, што мы рэалізуем наш сумесны праект у год 150-годдзя адкрыцця рэгулярных пасажырскіх зносін па маршруце Масква – Брэст», – адзначыў Уладзімір Міхайлавіч.

Сёння пасажырам прадастаўлена магчымасць штодзённага праезду ў дзённы час сутак па маршруце Мінск – Масква – Мінск.

У абарот прызначаны дзве пары новых хуткасных міжнародных цягнікоў № 717/718 і № 721/722 Масква – Мінск – Масква фарміравання ААТ «РЖД», якія будуць адпраўляцца з пачатковых і прыбываць у канчатковыя пункты прызначэння па люстраным раскладзе двойчы ў дзень. Час у дарозе складзе менш за 7 гадзін.

Цягнікі № 718/721 з Мінска і Масквы будуць адпраўляцца ў 16:00 і прыбываць на канчатковыя пункты прызначэння ў 22:55. У дарозе яны будуць рабіць прыпынкі ў Оршы, Смаленску і Вязьме.

Цягнікі № 722/717 з Мінска і Масквы будуць адпраўляцца ў 06:20 і прыбываць у Маскву і Мінск у 13:10. У дарозе яны будуць рабіць прыпынкі ў Оршы і Смаленску.

Перавозкі будуць ажыццяўляцца саставамі «Ластаўка» ў камплектацыі «Прэміум» у пяцівагонным выкананні. У саставе цягніка прадугледжана 349 месцаў для сядзення, 12 з якіх – бізнес-класа. Пасажырам будуць прапанаваны 3 класа абслугоўвання: бізнес-клас (спецыяльна выдзеленая зона ў вагоне № 5), эканом- і базавы класы.

У цягніку маецца магчымасць перавозкі асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Для іх прадугледжаны пад'ёмнікі для інвалідных калясак, а таксама спецыялізаваныя месцы з мацаваннем для калясак і кнопкай выкліку правадніка.

У пералік дадатковых сэрвісаў для пасажыраў бізнэс-класа ўваходзіць доступ да мультымедыйнага парталу «Спадарожнік» (інфармацыйна-забаўляльная сістэма змяшчае відэакантэнт, друкаваныя выданні, аўдыёкніжкі і музычныя творы), рацыён гарантаванага харчавання (халодныя закускі, гарачыя стравы, кандытарскія вырабы і напоі), дарожны набор, камплект друкаванай прадукцыі.

Для пасажыраў вагонаў № 2-5 (эканомклас) таксама арганізаваны доступ да мультымедыйнага парталу «Спадарожнік».

У вагоне № 1 (базавы клас) прадугледжана магчымасць праезду пасажыраў з хатнімі жывёламі.

Усе пасажыры цягніка могуць дадаткова набыць чайную прадукцыю і тавары за безнаяўны разлік па банкаўскіх картах міжнародных плацежных сістэм і наяўны разлік у расійскіх рублях.

Цягнік абсталяваны сістэмай клімат-кантролю з функцыяй абеззаражвання паветра, энергазберагальным святлодыёдным асвятленнем, экалагічна чыстымі туалетнымі пакоямі, санітайзерамі, а таксама інфармацыйным табло. У салоне ўстаноўлены кулеры з пітной вадой, маюцца разеткі для зарадкі мабільных прылад.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ



Да спісу навін за 2021 год