Беларуская чыгунка ўдасканальвае тэхналогіі продажу праязных дакументаў праз Інтэрнэт
28 жніўня 2017
У мэтах павышэння даступнасці паслуг і развіцця безнаяўных разлікаў Беларуская чыгунка адкрыла на карпаратыўным сайце www.poezd.rw.by продаж білетаў з электроннай рэгістрацыяй на ўсе транзітныя міжнародныя цягнікі, якія курсуюць ў далёкае замежжа.
Таксама на сайце Беларускай чыгункі з'явілася магчымасць набываць праязныя дакументы (білеты) з электроннай рэгістрацыяй на ўнутраныя цягнікі іншых чыгуначных адміністрацый.
Нагадаем, што купля білета праз Інтэрнэт на сайце Беларускай чыгункі www.poezd.rw.by з электроннай рэгістрацыяй дазваляе пасажыру ажыцяўляць паездку ў цягніку ў адпаведнасці з аплачанай праз Інтэрнэт замовай без афармлення праязнога дакумента ў касе. Названыя цягнікі адзначаны на сайце значком ЭР.
Пры пасадцы ў цягнік неабходна прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу пасажыра, указаны ў замове. А пры праездзе ў міжнародных зносінах дадаткова бланк электроннага праязнога дакумента (білета), раздрукаваны на лістку паперы фармату А4.
У цэлым анлайн-сістэма продажу праязных дакументаў Беларускай чыгункі працягвае набіраць папулярнасць. У студзені—ліпені праз Інтэрнэт было прададзена 1 мільён 176 тысяч білетаў, што на 28% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2017 год