Моладзь Беларускай чыгункі прыняла ўдзел у I Форуме «Маладыя чыгуначнікі», арганізаваным у рамках 83-га пасяджэння Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў – удзельніц Садружнасці
28 лістапада 2025
25–26 лістапада 2025 года моладзь Беларускай чыгункі прыняла ўдзел у I Форуме «Маладыя чыгуначнікі», арганізаваным у горадзе Баку (Азербайджанская Рэспубліка) у рамках 83-га пасяджэння Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў – удзельніц Садружнасці.
Беларускую магістраль на Форуме прадставілі вядучы спецыяліст аддзела па супрацоўніцтве з краінамі СНД службы знешніх сувязяў Упраўлення Беларускай чыгункі Крысціна Давідовіч і начальнік планава-эканамічнага сектара Транспартна-лагістычнага цэнтра Мінск дзяржаўнага прадпрыемства «БЕЛІНТЭРТРАНС» Аляксандр Урублеўскі.
У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі маладыя чыгуначнікі з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.
Асноўнай мэтай Форуму стала аб'яднанне перспектыўных маладых кадраў з розных краін СНД для абмену вопытам, абмеркавання актуальных выклікаў галіны і генерацыі новых ідэй для яе будучага развіцця.
Па выніках абмеркаванняў была прынята Бакінская дэкларацыя аб супрацоўніцтве краін СНД у сферы маладзёжнай палітыкі. У дэкларацыі маладыя прадстаўнікі чыгуначных ведамстваў высока ацанілі ролю Савета ў сумесным культурным і прафесійным развіцці моладзі.
Упершыню маладыя дэлегаты Форуму былі запрошаны для ўдзелу ў пленарным пасяджэнні Савета, на якім кіраўнікі чыгунак аднагалосна адзначылі важнасць развіцця міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва.
Гэта знакавая падзея падвяла вынік інтэнсіўнай працы на пляцоўцы Форуму, якая стала не толькі месцам для дыскусій, але і сапраўднай творчай лабараторыяй. У ходзе інтэнсіўных камандаўтваральных мерапрыемстваў і мазгавых штурмаў удзельнікі сфарміравалі першыя канкрэтныя ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне ўзаемадзеяння і ўмацаванне прафесійных, сацыяльных і культурных сувязяў паміж чыгуначнікамі з розных краін.
Прапанаваныя моладдзю ініцыятывы замацаваны ў выніковых дакументах 83-га пасяджэння Савета і пасля будуць вынесены на разгляд Камісіі па кадрава-сацыяльнай палітыцы і гуманітарным супрацоўніцтве Савета, што адкрывае шлях для іх практычнай рэалізацыі на міждзяржаўным узроўні.
Удзел прадстаўнікоў беларускай магістралі ў I Форуме «Маладыя чыгуначнікі» спрыяў умацаванню станоўчага іміджу беларускай чыгункі і Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, дазволіў абмяняцца вопытам работы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, а таксама сыграў адну з ключавых роляў у развіцці міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва на пляцоўцы Савета.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2025 год













