Каманда Беларускай чыгункі заняла 3 месца ў турніры па інтэлектуальных гульнях, арганізаваным ААТ «ААБ «Беларусбанк»
10 снежня 2024
Таварыскі турнір Клуба інтэлектуальных гульняў ААТ «ААБ «Беларусбанк» «Плацінавая Сава» адбыўся 8 снежня 2024 года ў Мінску. У спаборніцтве, прысвечаным дню нараджэння старэйшага банка Беларусі, прынялі ўдзел 60 каманд з усёй краіны, якія прадстаўлялі структурныя падраздзяленні «Беларусбанка», грамадскія арганізацыі, дзяржаўныя органы, банкаўскую сістэму Рэспублікі Беларусь, а таксама карпаратыўных кліентаў і партнёраў ААТ «ААБ «Беларусбанк».
У зборную каманду Беларускай чыгункі «Міколка-паравоз» увайшлі работнікі Упраўлення чыгункі – Аляксандр Азарка, Канстанцін Гедрыс, Юрый Жураў, Дзмітрый Казуцін, Андрэй Халецкі і Кірыл Шкурын.
На працягу 7 тураў гульцы адказвалі на пытанні з розных сфер ведаў: літаратура, мастацтва, кіно, музыка і спорт. Многія заданні для паспяховага вырашэння патрабавалі эрудыцыі і логікі, ведаў класічнай і сучаснай культуры, умення нестандартна мысліць і за кароткі час выбраць адзіны правільны адказ.
У выніку па суме набраных ачкоў каманда «Міколка-паравоз» Беларускай чыгункі заняла 3 месца ў агульным заліку і 2 месца сярод каманд кампаній – карпаратыўных кліентаў і партнёраў «Беларусбанка», мінімальна саступіўшы 0,5 бала зборнай ААТ «Беларуськалій».
Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі медалямі.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ