27 снежня 2024 года на Беларускай чыгунцы прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 162-годдзю стальной магістралі
30 снежня 2024
Традыцыйна, да Дня нараджэння Беларускай чыгункі, лепшыя чыгуначнікі былі адзначаны заслужанымі ўзнагародамі. Усяго ў гэтыя святочныя дні больш за 340 работнікаў стальной магістралі ўдастоены вышэйшых галіновых узнагарод, больш за 50 – узнагарод Міністэрства транспарту і камунікацый.
Урачыстая цырымонія адбылася ў Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў пры ўдзеле Начальніка дзяржаўнага аб'яднання «Беларуская чыгунка» Валерыя Вярэніча. Начальнік чыгункі падзякаваў працаўнікам стальной магістралі за адказную, добрасумленную працу і прафесіяналізм. Ён адзначыў, што сёння, як і шмат гадоў таму, чыгуначнікі з'яўляюцца надзейнай апорай дзяржавы і важным звяном у сістэме забеспячэння пасажырскіх і грузавых перавозак: «Дзякуючы вашаму неацэннаму вопыту, энергіі і энтузіязму, укладу кожнага з вас у камандную працу беларуская магістраль актыўна развіваецца і рухаецца наперад».
Працягам святочных мерапрыемстваў стаў урачысты сход, у якім прынялі ўдзел работнікі і ветэраны Беларускай чыгункі, маладыя спецыялісты, навучэнцы чыгуначных навучальных устаноў і юныя выхаванцы Дзіцячай чыгункі імя К.С. Заслонава.
Да прысутных у зале звярнуўся Начальнік дзяржаўнага аб'яднання «Беларуская чыгунка» Валерый Вярэніч. У сваім выступленні ён адзначыў, што Беларуская чыгунка з'яўляецца важнейшым складальнікам не толькі транспартнага комплексу, але і ўсёй эканомікі Беларусі. Яе сталёвыя ніці звязваюць больш за 2 тысячы населеных пунктаў нашай рэспублікі, а з яе станцый штодня адпраўляюцца больш за 650 грузавых і 700 пасажырскіх цягнікоў.
«Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што мы – адна дружная каманда, нацэленая на агульны вынік. І якія б новыя выклікі не стаялі перад чыгуначнікамі, мы справімся з усімі цяжкасцямі і выканаем пастаўленыя дзяржавай задачы на карысць развіцця і працвітання нашай роднай Беларусі» – падкрэсліў Начальнік чыгункі.
Таксама з добрымі пажаданнямі і словамі віншавання выступілі старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Ігар Камароўскі і старшыня арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі Сяргей Гогалеў.
Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам лепшых творчых калектываў Беларускай чыгункі і артыстаў эстрады.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2024 год













