Больш за 800 работнікаў Беларускай чыгункі прынялі ўдзел ва ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце, прымеркаваных да Дня чыгуначніка
02 жніўня 2024
Урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя прафесійнаму святу, прайшлі 2 жніўня 2024 года ў Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел работнікі беларускай магістралі, ветэраны працы, кіраўніцтва, выкладчыкі і навучэнцы чыгуначных навучальных устаноў і транспартных класаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, выхаванцы Дзіцячай чыгункі імя К.С.Заслонава.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. У сваім выступленні Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што чыгуначнікі заўсёды былі прыкладам адданасці дзяржаве, высокага пачуцця патрыятызму, узорам працавітасці і вернасці службоваму абавязку. Начальнік Беларускай чыгункі выказаў упэўненасць, што сумесная зладжаная работа і ў далейшым будзе садзейнічаць выкананню адказных задач, якія стаяць перад галіной. «Нашаму калектыву не раз даводзілася праходзіць праверку на трываласць, але дзякуючы ўкладу кожнага чыгуначніка ў агульную справу, неацэннаму вопыту, энергіі і энтузіязму, мы годна пераадольваем любыя цяжкасці», – падкрэсліў Уладзімір Марозаў. Ён падзякаваў работнікам магістралі за адказнае стаўленне да сваёй справы, самааддачу, любоў і адданасць прафесіі.
У сваім віншаванні Уладзімір Міхайлавіч выказаў асаблівую падзяку ветэранам вайны і працы Беларускай чыгункі за вопыт і веды, якія яны перадаюць маладому пакаленню і нагадаў, што абавязак кожнага работніка магістралі – акружыць іх увагай, цяплом і клопатам, аказаць усебаковую дапамогу і падтрымку.
Падчас урачыстага сходу Начальнік Беларускай чыгункі агучыў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Прывітальныя адрасы калектыву магістралі таксама накіравалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка і Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Ляхновіч.
З прафесійным святам чыгуначнікаў павіншаваў першы намеснік Міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Валерый Вярэніч. Прадстаўнікі самых розных прафесій уносяць свой уклад у развіццё галіны. Чыгуначнікі заўсёды годна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і з'яўляюцца для іншых узорам высокай сумленнасці, прыстойнасці і велізарнай працавітасці.
Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Ігар Камароўскі. Ігар Сяргеевіч адзначыў, што сіла чыгуначнікаў у адзінстве і згуртаванасці, гатоўнасці прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Ён пажадаў работнікам магістралі моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і новых здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі!
Удзельнікаў мерапрыемства ад імя 35-тысячнага калектыву ветэранскай арганізацыі Беларускай чыгункі павіншаваў яе старшыня Сяргей Гогалеў. Ён выказаў шчырыя словы падзякі кіраўніцтву і работнікам Беларускай чыгункі за ўвагу і падтрымку ветэранаў вайны і працы.
У адрас калектыву Беларускай чыгункі таксама паступілі віншаванні з самымі добрымі пажаданнямі ад Савета па чыгуначным транспарце, чыгуначных адміністрацый прасторы 1520, дзелавых парнераў, найбуйнейшых прадпрыемстваў і арганізацый нашай краіны.
Урачыстае мерапрыемства завяршылася святочным канцэртам, на якім выступілі аматарскія калектывы магістралі і артысты беларускай эстрады. Чыгуначнікаў сваёй творчасцю радавалі заслужаная артыстка Беларусі спявачка Жанет, арт-група «Беларусы», народны ансамбль народнай песні «Прымакі», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль эстраднага танца «Гарэзныя агеньчыкі», заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль беларускай песні «Церніца», вакальны ансамбль «Зорачкі», шоу-балет «Феерыя», танцавальны праект «Ф'южн» і ўзорны ансамбль танца «ВІ-ЗА-ВІ».
У гэтыя святочныя дні ўрачыстыя мерапрыемствы праходзяць ва ўсіх арганізацыях беларускай магістралі.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2024 год













