Студэнцкія атрады Беларускай чыгункі прынялі ўдзел у адкрыцці трэцяга працоўнага семестра -2024
19 чэрвеня 2024
Студэнцкія атрады беларускай магістралі прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі рэспубліканскага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году якасці. Мерапрыемства прайшло на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў г. Мінску 18 чэрвеня 2024 года, дзе сабраліся больш за 500 байцоў студатрадаў з усіх рэгіёнаў краіны.
Беларускую чыгунку прадставілі 50 лепшых юнакоў і дзяўчат, якія ў гэтым годзе будуць працаваць у Мінскім і Гомельскім вагонных участках праваднікамі пасажырскіх вагонаў у цягніках міжрэгіянальных і міжнародных ліній.
Кульмінацыяй адкрыцця трэцяга працоўнага семестра - 2024 стала ўручэнне камандзірам атрадаў працоўных пуцёвак для работы на аб'ектах беларускай магістралі.
Сімвалічна, што хлопцы са студатрадаў «Магістраль» імя К.С. Заслонава і «Экспрэс» імя С.І. Грыцаўца Мінскага вагоннага ўчастка адразу пасля мерапрыемства адправіліся ў рэйс па маршрутах Мінск - Анапа і Мінск - Санкт-Пецярбург.
Беларуская чыгунка адраджае слаўныя традыцыі студэнцкіх атрадаў. У гэтых мэтах у маі 2022 года БЧ і ГА «БРСМ» было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.
Пры падтрымцы Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» на базе Дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі кадраў і прадпрыемствах аддзяленняў чыгункі арганізавана папярэдняе навучанне (прафпадрыхтоўка, перападрыхтоўка) студэнтаў і навучэнцаў па прафесіях «Праваднік пасажырскага вагона» і «Манцёр пуці». Пры гэтым навучанне праходзяць студэнты і навучэнцы, якія не толькі атрымліваюць адукацыю па спецыяльнасцях чыгуначнага транспарту, але і іншых профіляў (медыцынскага, педагагічнага, аграрнага, тэхнічнага, будаўнічага).
Да трэцяга працоўнага семестра 2024 года было арганізавана навучанне 350 дзяцей, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага галіновага міжпрофільнага працоўнага праекта «Дарога магчымасцяў».
Калі ў 2022 годзе на беларускай магістралі працавалі крыху больш за 200 студэнтаў, то ў 2024-м плануецца, што дружную сям'ю чыгуначнікаў папоўняць звыш 600 хлопчыкаў і дзяўчынак. Юнакі і дзяўчаты з больш за 30 розных навучальных устаноў краіны будуць працаваць у сэрвісных, будаўнічых, педагагічных атрадах праваднікамі пасажырскіх вагонаў, манцёрамі пуці, цеслярамі, малярамі, слесарамі, кухарамі, кухоннымі рабочымі, выхавацелямі і інструктарамі ў дзіцячых аздараўленчых цэнтрах.
Варта адзначыць, што каля 30 працэнтаў студатрадаўцаў у 2023 годзе ўжо работалі на БЧ і сёння зноў вярнуліся на чыгунку несці працоўную вахту.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ














