6-9 чэрвеня 2024 года ў Гомелі адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларускай чыгункі па міні-футболе
11 чэрвеня 2024
Адкрыты чэмпіянат Беларускай чыгункі па міні-футболе прайшоў у мінулыя выхадныя на базе Культурна-спартыўнага комплексу Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі.
За ўзнагароды змагаліся восем каманд – прадстаўнікі шасці аддзяленняў чыгункі, РУП «Ремпуть Беларускай чыгункі», а таксама Гомельскага вагонабудаўнічага завода. Турнір праходзіў па кругавой сістэме – кожная каманда згуляла сем гульняў. Графік напружаны, таму спартсмены павінны былі разлічыць свае сілы, каб годна прадставіць сваю арганізацыю. Кожная гульня была відовішчнай і эмацыянальнай.
Залатыя медалі заваявала каманда Брэсцкага аддзялення, серабро ў спартсменаў Мінскага, а бронза – у прадстаўнікоў Баранавіцкага аддзялення. За крок ад п'едэстала гонару спыніліся гаспадары чэмпіянату, гамяльчане. На пятым месцы – каманда РУП «Ремпуть Беларускай чыгункі», на шостым – зборная Магілёўскага аддзялення, сёмы вынік у зборнай Гомельскага вагонабудаўнічага завода, восьмы – у каманды Віцебскага аддзялення.
Найлепшым варатаром чэмпіянату прызнаны Аляксандр Калюціч (Баранавіцкае аддзяленне), тытул найлепшага нападаючага прысуджаны Віктару Ліжэўскаму (Мінскае аддзяленне), найлепшым абаронцам названы Павел Крэчын (Гомельскае аддзяленне).
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны кубкамі, дыпломамі, медалямі і прызамі.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ














