Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

З намі па дарозе! У 2022 годзе кліентамі турыстычнага цэнтра «Дартур» Беларускай чыгункі сталі амаль 9 тысяч чалавек

27 студзеня 2023

Турыстычны цэнтр «Дартур» – спецыялізаваны аператар па чыгуначных турах на ўнутраным і міжнародным рынку.

У Год гістарычнай памяці турыстычным цэнтрам «Дартур» Беларускай чыгункі была арганізавана вялікая колькасць экскурсійных пазнавальных маршрутаў з магчымасцю наведаць славутасці ўсіх абласцей Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з праездам на рэгулярных цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній.

У маршрутах з'явіліся не толькі знакавыя і папулярныя месцы і культурныя аб'екты, але і невялікія мястэчкі і вёсачкі, а таксама разнастайныя аграсядзібы з дэгустацыйнымі праграмамі і прэзентацыямі беларускіх народных абрадаў і традыцый. Асаблівай папулярнасцю ў 2022 годзе карыстаўся экатурызм з улікам разнастайнасці прыроднага багацця нашай краіны.

Традыцыйна на майскія святы сумесна з галіновымі прафсаюзамі Беларускай чыгункі быў рэалізаваны патрыятычны праект «Скрозь гады звініць перамога», у рамках якога арганізавана паездка на цягніку па маршруце Мінск–Брэст–Мінск з наведваннем мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», ускладаннем кветак да Вечнага агню, святочным канцэртам у музеі чыгуначнай тэхнікі і музычнай тэматычнай праграмай на зваротнай дарозе «Спаёмце, сябры».

Да 160 - годдзя Беларускай чыгункі ў кастрычніку адбыўся чыгуначны тур па маршруце Мінск–Гродна–Парэчча з наведваннем першай чыгуначнай станцыі, дзе быў пакладзены пачатак руху цягнікоў па беларускай зямлі.

У перыяд навагодніх і калядных святаў па-ранейшаму быў папулярны навагодні цягнік «Падарожжа ў маёнтак Дзеда Мароза» з дастаўкай турыстаў у Нацыянальны парк «Белавежская пушча». За гэты навагодні сезон было арганізавана 6 турыстычных цягнікоў, на якіх здзейснілі падарожжа 1,5 тыс.чалавек.

У жніўні 2022 года стартаваў новы міжнародны сумесны праект ААТ «РЖД» і Беларускай чыгункі «Беларускі ваяж», у рамках якога турысты ідуць па маршруце Масква–Мінск–Брэст/Гродна–Мінск–Масква. У праграме чыгуначнага круізнага падарожжа прадугледжаны пазнавальныя экскурсіі, знаёмства з беларускімі славутасцямі, культурай і традыцыямі, а таксама дэгустацыі страў нацыянальнай кухні.

З моманту пачатку рэалізацыі праекта «Беларускі Ваяж» амаль 1 тыс. турыстаў з Расійскай Федэрацыі наведалі Рэспубліку Беларусь.

Міжнародны напрамак дзейнасці турыстычнага цэнтра «Дартур» у 2022 годзе быў прадстаўлены таксама чыгуначнымі экскурсійнымі праграмамі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, падарожжам па «Залатым кольцы Расіі» і ў Карэлію, адпачынкам на моры з праездам на цягніку да Адлера і Анапы.

У планах турыстычнага цэнтра «Дартур» на 2023 год далейшае развіццё міжнароднага ўязнога і ўнутранага турызму, культурна-гістарычнага напрамку ў рамках мерапрыемстваў Года міру і стварэння, арганізацыя новых маршрутаў па гарадах Беларусі, працяг рэалізацыі сумеснага расійска-беларускага праекта «Беларускі Ваяж» і г. д.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Тэгі: Дартур
Да спісу навін за 2023 год