Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

У Гродна адбылася цырымонія афіцыйнага гашэння паштовага праекта «Чыгуначныя вакзалы Беларусі», прысвечанага 160-годдзю Беларускай чыгункі

24 лістапада 2022

Урачыстая цырымонія афіцыйнага гашэння паштовага праекта «Чыгуначныя вакзалы Беларусі» адбылася 24 лістапада 2022 года на чыгуначным вакзале станцыі Гродна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Гардзеенка, намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Болтрык, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, старшыня арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі Сяргей Гогалеў, а таксама работнікі і ветэраны беларускай магістралі, навучэнцы транспартнага класа сярэдняй школы №11 горада Ліды і прадстаўнікі Гродзенскага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта».

Адкрыла мерапрыемства гістарычная тэатралізаваная кампазіцыя, прысвечаная пачатку руху цягнікоў на ўчастку Гродна–Парэчча.

Выступаючы перад прысутнымі, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў, што цырымонія гашэння паштовага канверта з выявай чыгуначных вакзалаў станцый Гродна і Парэчча з'яўляецца адной са знакавых падзей у чарадзе юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 160-годдзя беларускай магістралі, бо менавіта з адкрыцця ўчастка Гродна–Парэчча Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі быў пакладзены пачатак руху цягнікоў на беларускай зямлі. Гэта падзея азнаменавала сабой новую эпоху руху наперад, надала імпульс у развіцці прамысловасці нашай краіны і ўмацаванні транспартных сувязяў паміж рэгіёнамі. Беларуская чыгунка ганарыцца сваёй гісторыяй, захоўваючы і прымнажаючы слаўныя працоўныя традыцыі.

«Для жыхароў Гродзенскага рэгіёна чыгуначны транспарт мае асаблівае значэнне, а сучасны чыгуначны вакзал з'яўляецца ўпрыгожваннем нашага горада», – падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Болтрык. Ён павіншаваў чыгуначнікаў з надыходзячым юбілеем і пажадаў далейшага развіцця і росквіту.

Старшыня арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі Сяргей Гогалеў у сваім выступленні выказаў упэўненасць, што цяперашнія і будучыя пакаленні чыгуначнікаў годна працягнуць справу сваіх папярэднікаў, а ветэраны заўсёды акажуць ім сваю падтрымку.

У рамках мерапрыемства для гасцей і жыхароў горада Гродна на другім паверсе чыгуначнага вакзала Беларускай чыгункай сумесна з Гродзенскім філіялам РУП «Белпошта» была арганізавана гістарычная экспазіцыя. На ёй была прадстаўлена першая чыгуначная форма работнікаў станцыі Парэчча, чыгуначны ліхтар таго часу, копіі дакументаў і фатаграфіі, філатэлістычная прадукцыя, прысвечаная чыгуначнаму транспарту, элементы ўжытку паштовага служачага, занятага на перавозцы пошты па чыгунцы ў XIX стагоддзі, і іншыя экспанаты.

Цырымонію завяршыла выступленне струннага квартэта выкладчыкаў музычнай школы №1 горада Баранавічы.

Трэба адзначыць, што «Чыгуначныя вакзалы Беларусі» – гэта чарговы праект, рэалізаваны Беларускай чыгункай сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, РУП «Белпошта» і выдавецкім цэнтрам «Марка». Да прыкладу, у 2012 годзе быў выпушчаны ў абарачэнне паштовы праект да 150-годдзя Беларускай чыгункі, а ў 2021 годзе – да 150-годдзя чыгуначных зносін Смаленск–Мінск–Брэст.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год