Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Тэхнічным бібліятэкам Беларускай чыгункі споўнілася 140 гадоў

16 верасня 2022

Гісторыя тэхнічных бібліятэк на беларускай магістралі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём чыгуначнага транспарту. У другой палове XIX стагоддзя ад спецыялістаў інжынерна-тэхнічных прафесій патрабавалася акрамя агульнай адукаванасці мець высокі ўзровень ведаў і кампетэнтнасці і бесперапынна падтрымліваць іх у актуальным стане.

Першай была адкрыта бібліятэка ў Мінску, пры Упраўленні Лібава-Роменскай чыгункі, восенню 1882 года. У архівах захаваўся праект палажэння аб бібліятэцы.

На працягу 140 гадоў сваёй гісторыі, прайшоўшы эпохі станаўлення прынцыпова новага віду транспарту, змены грамадска-палітычных строяў, войнаў і рэвалюцый, эвакуацыю і аднаўленне страчаных фондаў, развіццё сеткі бібліятэк і ўкараненне сучасных метадаў работы, сістэма бібліятэчнай справы на Беларускай чыгунцы па-ранейшаму захоўвае сваё важнае значэнне ў падрыхтоўцы пісьменных спецыялістаў-чыгуначнікаў, застаецца незаменнай крыніцай дакладнай, а часам і ўнікальнай інфармацыі і надзейным сховішчам спецыялізаваных ведаў.

Сягоння на Беларускай чыгунцы функцыянуе 6 тэхнічных бібліятэк і 8 пунктаў бібліятэчнага абслугоўвання, і Навукова-тэхнічная бібліятэка Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі. Агульны бібліятэчны фонд складаецца з больш чым 407 тысяч выданняў.

Намаганнямі некалькіх пакаленняў бібліятэкараў сабраны ўнікальны дэпазітарны фонд рарытэтных і рэдкіх кніг. Яго агульны аб'ём складае больш за 4000 экзэмпляраў, а самай старадаўняй кнізе ў гэтым годзе спаўняецца 163 года. Накапленне і захоўванне выданняў і дакументаў па гісторыі чыгункі і галіны ў цэлым – гэта задача, якую паспяхова вырашае бібліятэка і цяпер.

15 верасня 2022 года ў будынку Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі Беларускай чыгункі адкрылася ўнікальная выстаўка рэдкай кнігі. Яна прысвечана 140-годдзю ўтварэння тэхнічных бібліятэк на Беларускай чыгунцы і стала добрым падарункам да гэтай значнай даты. На выстаўцы прадстаўлена 140 рэдкіх кніг, выдадзеных з сярэдзіны XIX стагоддзя да 40-х гадоў XX стагоддзя. Гэта частка дэпазітарнага фонду навукова-тэхнічнай бібліятэкі ЦНТІ.

Самы старадаўні экзэмпляр выстаўкі – пераклад сачынення нямецкага інжынера Макса фон Вэбера «Агульназразумелае апісанне ўпарадкавання чыгунак, іх рухомага саставу і кіравання імі, у гістарычных, тэхнічных, адміністрацыйных і статыстычных адносінах», выдадзены ў 1859 годзе. Таксама на выстаўцы прадстаўлены нумары «Часопіса Міністэрства пуцей зносін» – навукова-тэхнічнага выдання чыгуначнай і будаўнічай тэматыкі, на старонках якога публікаваліся працы рускіх навукоўцаў, падшыўка «Весніка паўднёва-заходніх чыгунак» 1903 года, «Каштарыс па эксплуатацыі Палескіх чыгунак на 1914 год», падшыўкі зборніка тарыфаў Расійскіх чыгунак за 1902, 1906, 1907, 1910-1913, 1915, 1917 гады і інш.

У рамках адкрыцця выстаўкі адбылося ўручэнне памятных дыпломаў за подпісам Начальніка Беларускай чыгункі работнікам і ветэранам магістралі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё тэхнічных бібліятэк магістралі.

У бліжэйшы час выстаўка рэдкай кнігі будзе дапоўнена экспанатамі з фондаў Музея гісторыі Беларускай чыгункі і працягне сваю работу ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 160-годдзю Беларускай чыгункі. Наведаць яе могуць работнікі і ветэраны прадпрыемстваў Беларускай чыгункі – арганізаванымі групамі па папярэдніх заяўках.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2022 год