Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

«З намі па дарозе!» – 22 студзеня 2022 года Турыстычнаму цэнтру «Дартур» Беларускай чыгункі спаўняецца 15 гадоў

21 студзеня 2022

За 15 гадоў работы кліентамі Турыстычнага цэнтра «Дартур» сталі каля 200 тысяч экскурсантаў і турыстаў з Беларусі і розных краін. У тым ліку каля 33 тысяч чалавек скарысталіся чыгуначнымі турамі, у якія ўключаны ўвесь комплекс турыстычных паслуг.

Чыгуначны турызм атрымаў новае дыханне ў XXI стагоддзі. Сярод прывабных бакоў падарожжаў на цягніку – выразная арганізацыя, адладжаны сэрвіс і камфортныя ўмовы праезду.

Асаблівую ўвагу спецыялісты «Дартура» надаюць развіццю ўнутранага і ўязнога турызму, у тым ліку чыгуначнага. Цэнтрам асвоены розныя турыстычныя прапановы для арганізаваных груп –даступны экскурсіі па ўсіх напрамках ва ўсе куткі Беларусі (як аднадзённыя, так і туры выхаднога дня). Найбольш запатрабаваны экскурсіі падзейнага, культурна-гістарычнага, лячэбна-аздараўленчага кірунку.

Таксама ў апошні час актыўна развіваецца і карыстаецца папулярнасцю экатурызм. Улічваючы разнастайны багаты прыродны свет Рэспублікі Беларусь і запатрабаванасць у 2021 годзе экскурсій на свежым паветры, турыстам на працягу года прапаноўваліся такія маршруты, як сплавы на байдарках, наведванне балота Ельня, экасцежкі ў Бярэзінскім запаведніку, веламаршруты ў Белавежскай пушчы, былі арганізаваны турзлеты і тымбілдынгі, адпачынак на аграсядзібах і інш.

Адным з першых у Беларусі Турыстычны цэнтр «Дартур» стаў арганізоўваць на рэгулярнай аснове аўтобусныя экскурсіі выхаднога дня па краіне з адпраўленнем ад чыгуначнага вакзала (больш за 40 маршрутаў). Да пандэміі штогод дадзенай паслугай карысталіся каля 10 тысяч турыстаў.

Каля 13 тысяч кліентаў «Дартур» сталі турыстамі міжнароднага выязнога кірунку з адпачынкам або экскурсійнымі праграмамі з праездам на цягніках. Геаграфія ўражвае: Адлер, Анапа, Варна, Варшава, Вільнюс, Уладзімір, Адэса, Кіеў, Львоў, Масква, Петразаводск, Прага, Рыга, Санкт-Пецярбург.

Акрамя таго, за гады работы набыты вялікі вопыт па арганізацыі патрыятычных цягнікоў як уласнымі сіламі, так і ў супрацоўніцтве з расійскімі турыстычнымі кампаніямі.

У перыяд навагодніх і калядных святаў стаў папулярным і запатрабаваным навагодні цягнік «Падарожжа ў маёнтак Дзеда Мароза» па маршруце Мінск–Брэст–Мінск. Дадзены чыгуначны экскурсійны тур быў упершыню арганізаваны ў 2009 годзе і пачынаўся з аднаго прычапнога вагона. У цяперашні час – гэта 10 паўнацэнных навагодніх цягніка за сезон. Трэба адзначыць, што ў 2018 годзе гэты праект прызнаны «Лепшай паслугай года» на Рэспубліканскім конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». У навагоднім сезоне 2021-22 года ў чыгуначнае падарожжа на сустрэчу з галоўным зімовым чараўніком краіны адправіліся больш за 2500 дарослых і дзяцей (гэта на 10% больш, чым у дапандэмійным 2019-м годзе). У цэлым за час існавання праекта «Падарожжа ў маёнтак Дзеда Мароза» ім скарысталіся 18 тысяч турыстаў.

Аднаўленне міжнародных пасажырскіх зносін у лютым 2021 года пашырыла магчымасці ўязнога турызму. Фірмовы праект «Дартура» «Цягнікам у Беларусь» уключае каля 30 праграм са знаходжаннем у розных гарадах Беларусі ад 2 да 5 дзён. У студзені 2022 года ў рамках папулярнага праекта ў Мінск прыбыла група з 46 расійскіх турыстаў-чыгуначнікаў.

Усе турыстычныя паслугі, якія аказваюцца Турыстычным цэнтрам «Дартур» Беларускай чыгункі, сертыфікаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме краіны і адпавядаюць патрабаванням СТБ 1352-2005, таксама маецца сертыфікат на адпаведнасць сістэмы менеджменту якасці аказання турыстычных паслуг патрабаванням СТБ ISO 9001-2015.

За актыўную прапаганду культурна-гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, турыстычны цэнтр двойчы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь «За вернасць традыцыям і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі», а таксама «За развіццё чыгуначнага турызму», мае дыпломы розных гадоў Рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» у розных намінацыях. У снежні 2021 года турыстычны цэнтр «Дартур» стаў Лаўрэатам ХІХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Турыстычная кампанія года».

У планах дружнай каманды Турыстычнага цэнтра «Дартур» на 2022 год далейшае развіццё і прасоўванне чыгуначнага турызму па Беларусі, сумесная работа з галіновымі прафсаюзамі па рэалізацыі праграм культурна-гістарычнай накіраванасці ў рамках Года гістарычнай памяці, а таксама работа над новым чыгуначным праектам па маршруце Мінск–Гродна–Мінск, прысвечаным 160-годдзю Беларускай чыгункі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2022 год