Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

21 кастрычніка 2021 года на Беларускай чыгунцы стартуе акцыя «Дзеці і бяспека»

20 кастрычніка 2021

Напярэдадні школьных восеньскіх канікул Беларуская чыгунка ўзмоцніць кантроль за выкананнем мер бяспекі непаўналетнімі на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Прафілактычныя мерапрыемствы будуць арганізаваны з 21 кастрычніка па 31 кастрычніка 2021 года. Работнікі БЧ сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў правядуць рэйды, падчас якіх нададуць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. Акрамя таго, на вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова праінфармуюць аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, правядуць тлумачальна-прафілактычную работу ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі.

Работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту праводзіцца рэгулярна і знаходзіцца на асаблівым кантролі.

У мэтах забеспячэння грамадскага парадку на аб'ектах чыгуначнага транспарту на 109 прадпрыемствах БЧ створаны добраахвотныя дружыны. За 9 месяцаў 2021 года іх работнікамі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі і ваенізаванай аховай праведзены каля 5 тыс. рэйдаў. Таксама арганізавана больш за 500 выступленняў у калектывах прадпрыемстваў і ўстановах адукацыі, размешчаных паблізу аб'ектаў чыгуначнага транспарту, па пытаннях выканання правілаў бяспекі. Ахоп насельніцтва склаў больш за 15 тыс. грамадзян, больш за 12,7 тыс. з якіх – непаўналетнія. Было распаўсюджана каля 6,8 тыс. прафілактычных памятак.

Нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, праблема траўміравання непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту сёння востра стаіць у грамадстве.

З пачатку 2021 года зафіксавана 77 выпадкаў невытворчага траўматызму, што адпавядае ўзроўню мінулага года, колькасць пацярпелых непаўналетніх у гэтым годзе склала 4 чалавекі (1 дзіця загінула) супраць 5 у 2020 годзе.

Падлеткі, знаходзячыся непасрэдна паблізу або на чыгуначных пуцях, не чуюць сігнал надыходзячага цягніка з-за праслухоўвання ў гэты час музыкі з дапамогай плэера або мабільнага тэлефона ў навушніках. Жаданне зрабіць эфектнае «сэлфі» на небяспечных аб'ектах транспарту, перабяганне пуцей або ўзбіранне на чыгуначны мост, дахі вагонаў таксама прыводзяць да трагедыі.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту, берагчы не толькі сваё жыццё і здароўе, але і здароўе родных і блізкіх, асабліва дзяцей.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2021 год