Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Медаль імя Флорэнс Найтынгейл уручылі Эльвіры Шабанавай, медыцынскай сястры міласэрнасці Чыгуначнай арганізацыі Чырвонага крыжа

21 чэрвеня 2021

Узнагароджанне адбылося ў рамках урачыстага мерапрыемства, якое прайшло ў Палацы Рэспублікі напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў.

Удзел у цырымоніі прыняў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён уручыў работнікам аховы здароўя дзяржаўныя ўзнагароды і павіншаваў з надыходзячым прафесійным святам.

Медаль імя Флорэнс Найтынгейл Эльвіры Шабанавай уручыў Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. «За сапраўдную міласэрнасць і клопат пра людзей, якія выклікаюць захапленне ўсяго чалавецтва» - так гучыць слоган гэтай высокай узнагароды. Яе заснавалі больш стагоддзя таму, у 1912 годзе, у гонар брытанскай сястры міласэрнасці Флорэнс Найтынгейл. Медаль уручаюць медсёстрам і медбратам за выключную адданасць справе і адвагу пры аказанні дапамогі раненым і хворым у ваенны і мірны час. У 2021 годзе Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ўдастоіў высокай узнагароды 25 чалавек з усяго свету, сярод іх дваіх беларусак. Эльвіру Шабанаву, медыцынскую сястру міласэрнасці Лідскай вузлавой арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа адзначылі медалём імя Флорэнс Найтынгейл «за развіццё інавацыйных методык медыка-сацыяльнага догляду».

У Чыгуначнай арганізацыі Чырвонага Крыжа Эльвіра Шабанава работае 32 гады. За гэты час яе «падапечнымі» сталі каля 60 чалавек. Сёння на абслугоўванні ў Эльвіры Мікалаеўны 9 чалавек - інваліды, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, адзінокія і адзінока пражываючыя. Усе яны ветэраны Беларускай чыгункі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год