Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дарагія ветэраны! Паважаныя работнікі Беларускай чыгункі!

07 мая 2021

Сардэчна віншуем вас з вялікім святам – Днём Перамогі!

Больш за сем дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад гістарычнага мая 1945-га, але памяць пра вайну не згасае, пераходзячы з пакалення ў пакаленне. І наш святы абавязак – захаваць і перадаць наступным пакаленням гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну, пра гераізм, мужнасць, стойкасць і самаахвярнасць франтавікоў, працаўнікоў тылу, пра тых, хто выстаяў пад зруйнавальным націскам суперніка.

З гадамі ўсё вялікасней уяўляецца подзвіг нашага народа, які не толькі абараніў незалежнасць сваёй Радзімы, але і вызваліў краіны Еўропы ад захопнікаў, абараніў свет ад фашызму. Скрозь прастору і час струменіцца святло Вялікай Перамогі, напаўняючы асаблівым сэнсам і зместам нашу гісторыю, культуру і жыццё беларускага народа. Сёння кожны жыхар Рэспублікі Беларусь можа з гонарам сказаць: мы ўсе – наследнікі Вялікай Перамогі.

Ва ўсенароднай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі важную ролю адыгралі работнікі чыгуначнага транспарту. Дзякуючы іх дакладнай і зладжанай рабоце ў вельмі складаных умовах пад бесперапыннымі абстрэламі варожай авіяцыі і артылерыі для патрэб фронту і народнай гаспадаркі былі арганізаваны маштабныя перавозкі ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў і харчавання.

Чым далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым глыбей мы разумеем ролю ветэранаў у нашым мірным жыцці. Адданасць Радзіме і прыхільнасць вышэйшым чалавечым каштоўнасцям не далі зламацца духу салдат, вязняў канцлагераў і работнікаў тылу.

Дарагія ветэраны!

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вы праявілі незвычайныя ў гісторыі масавы гераізм і адвагу, патрыятызм і гатоўнасць да самаахвяравання, а ў пасляваенныя гады, прыклалі неверагодныя намаганні, паднялі з руін краіну і стварылі ўсе ўмовы для яе далейшага развіцця.

У гэты самы светлы для ўсіх нас святочны дзень мы шчыра жадаем усім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы і работнікам Беларускай чыгункі моцнага здароўя і шчасця, мірнага неба і дабрабыту!

З Днём Перамогі!


Начальнік Беларускай чыгункі                  У.М. Марозаў


Старшыня Аб'яднанай галіновай
прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў
і транспартных будаўнікоў                        В.М. Какора

Старшыня арганізацыі ветэранаў
Беларускай чыгункі                                   С.П. Гогалеў

Да спісу навін за 2021 год