Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Зборная каманда Беларускай чыгункі атрымала перамогу ў 1-м этапе рэспубліканскай спартакіяды Мінтранса

14 красавіка 2021

Упэўненай перамогай каманды Беларускай чыгункі завяршыўся першы этап галіновай рэспубліканскай спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў і арганізацый Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Спаборніцтвы адбыліся 9-11 красавіка 2021 года на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Зялёны бор».

Добры настрой спартсменам падарылі творчыя калектывы Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў – іх палымяныя нумары падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды нікога не пакінулі абыякавымі.

Удзельнікі выяўлялі мацнейшых у такіх дысцыплінах, як валейбол, настольны тэніс, гіравы спорт, лёгкаатлетычны крос, шахматы і більярд. На старт, акрамя чыгуначнікаў, выходзілі прадстаўнікі Дэпартамента па авіяцыі, арганізацыі дарожнай гаспадаркі і ГП «Мінсктранс».

У сумленнай і бескампраміснай барацьбе каманда Беларускай чыгункі прадэманстравала лепшы вынік у валейболе, настольным тэнісе, шахматах, лёгкаатлетычным кросе і гіравым спорце. У більярдзе чыгуначнікі заваявалі другое месца.

Па выніках усіх спаборніцтваў каманда Беларускай чыгункі стала пераможцам 1-га этапу рэспубліканскай спартакіяды Мінтранса. Перамога каманды магістралі з'яўляецца сімвалічнай – у гэтым годзе спаўняецца 85 гадоў фізкультурна-спартыўнаму руху чыгуначнікаў.

На другім месцы – зборная Дэпартамента па авіяцыі, на трэцім – дружына дарожнай гаспадаркі.

Прызёрам уручылі кубкі, дыпломы і медалі.

Другі этап спартакіяды плануецца правесці ўжо ў чэрвені 2021 года.

Трэба адзначыць, што з 2008 года зборная каманда Беларускай чыгункі з'яўляецца нязменным лідэрам рэспубліканскай спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў і арганізацый Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год