Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Гукавую сістэму навігацыі слабавідушчых «Крокі на Гукі» ўкаранілі на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі

09 сакавіка 2021

Праект «Уладкаванне гукавой інфармацыйнай сістэмы для інвалідаў па зроку на вакзальным комплексе станцыі Мінск-Пасажырскі» рэалізаваны Беларускай чыгункай сумесна з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку (БелТІЗ).

На галоўным чыгуначным вакзале краіны ўсталявалі 100 гукавых інфарматараў навігацыйнай сістэмы «Крокі на Гукі» і тактыльныя мнемасхемы з інфармацыяй аб планіроўцы памяшканняў і размяшчэннем ключавых аб'ектаў на мове Брайля. Гукавыя інфарматары размешчаны такім чынам, каб забяспечыць магчымасць невідушчым і слабавідушчым пасажырам самастойна дабрацца да асноўных аб'ектаў на вакзале, а мнемасхемы размешчаны каля галоўнага ўваходу ў вакзал, уваходу з тунэля з боку вуліцы Кірава і на ўваходах у грамадскія прыбіральні.

Прынцып дзеяння апаратна-праграмнага комплексу такі: на падыходзе да вакзала невідушчы пасажыр актывуе на сваім смартфоне спецыяльны мабільны дадатак BuzzPoint, які адлюстроўвае пералік бліжэйшых аўтаматычных гукавых інфарматараў з падрабязным апісаннем месцаў іх устаноўкі. Пасля актывацыі выбранай кропкі інфарматар пачынае трансліраваць гукавы сігнал, у кірунку якога рухаецца карыстальнік. З дапамогай такіх гукавых падказак слабавідушчым грамадзянам можна без дапамогі старонніх прайсці да даведачнага акна, касы, ліфтаў, прыбіральняў, выхадаў на платформы і іншых аб'ектаў.

Праект рэалізаваны за сродкі Беларускай чыгункі. У супрацоўніцтве з прадстаўнікамі БелТІЗ быў распрацаваны праект, зманціравана неабходнае абсталяванне. Таксама адбылося тэсціраванне і наладка.

«Мы вельмі ўдзячныя Беларускай чыгунцы за выкананую работу, – адзначыў намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка. – Раней аналагічную сістэму ўкаранілі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і новым аўтавакзале Брэста, але праект, выкананы на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі, – найбуйнейшы сярод рэалізаваных на транспартных аб'ектах Беларусі».

Паводле яго слоў, многія людзі з аслабленым зрокам карыстаюцца паслугамі стальной магістралі, бываюць на галоўным вакзале сталіцы. Укаранёная сістэма гукавой навігацыі дапаможа загадзя спланаваць маршрут перамяшчэння па вакзале і добра арыентавацца. У гэтым дапамагаюць і тактыльныя элементы – спецыяльная накіравальная тратуарная плітка і лакальныя паказальнікі з надпісамі на мове Брайля.

«Укаранёная гукавая сістэма навігацыі – наш першы комплексны праект, рэалізаваны ў інтарэсах слабавідушчых і невідушчых людзей, – распавёў начальнік пасажырскай службы Упраўлення чыгункі Аляксандр Захарэвіч. – У далейшым вопыт вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі будзе выкарыстаны на іншых аб'ектах Беларускай чыгункі. Такім чынам, мы працягваем планамерную работу па адаптацыі інфраструктуры чыгункі да патрэбнасцей людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, што прадугледжана Нацыянальным планам дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017–2025 гады (зацверджаны пастановай СМ РБ ад 13.06.2017 №451)».

Раней на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі для абслугоўвання інвалідаў-калясачнікаў была пераабсталявана білетная каса, у якой панізілі падаконнік. Для стварэння безбар'ернага асяроддзя таксама ўладкаваны тактыльныя накіравальнікі на цэнтральным уваходзе ў будынак вакзалу. Падобныя змены паступова адбываюцца і на іншых аб'ектах магістралі з улікам планавых будаўніча-мантажных работ і мерапрыемстваў, запланаваных у Дзяржаўнай праграме «Сацыяльная абарона» на 2021–2025 гады. Парк магістралі папаўняецца сучасным рухомым саставам, адаптаваным для перавозкі фізічна аслабленых пасажыраў.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам



Да спісу навін за 2021 год