Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Гераічны ўчынак чыгуначніка. На станцыі Чырвоны Бераг адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную ўнікальнай спецаперацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

19 лютага 2021

19 лютага 2021 года на станцыі Чырвоны Бераг (Жлобінскі раён) адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай унікальнай аперацыі, праведзенай у гэтай мясцовасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемства адбылося напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў рамках абвешчанага ў краіне Года народнага адзінства.

Дадзеная аперацыя стала магчымай, дзякуючы гераічным дзеянням чыгуначніка Рыгора Навуменка і ўдзельнікаў спецгрупы НКДБ БССР «Храбрацы», якія вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. У ходзе яе ўдалося раскрыць і парушыць планы фашыстаў – выкарыстоўваць хімічную зброю ў пераломны перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Улетку 1943 года па інфармацыі сувязнога – чыгуначніка Рыгора Навуменка – стала вядома, што на станцыі Чырвоны Бераг у тупіку ўзмоцнена ахоўваецца эшалон, усе вагоны якога, за выключэннем першага і апошняга, абклеены чорным матэрыялам. 5 чэрвеня 1943 года дыверсійная група пусціла пад адхон гэты эшалон з атрутнымі газамі і дэгазацыйнымі сродкамі. З месца крушэння сувязныя з ліку чыгуначнікаў вынеслі балон з газам, супрацьіпрытную накідку, процігаз і дэгазацыйныя парашкі.

Атрыманыя трафеі былі адпраўлены ў Маскву і сталі важным доказам планаў гітлераўцаў прымяніць баявыя атрутныя рэчывы на Курскай дузе. Гэта дазволіла краінам антыгітлераўскай кааліцыі прыняць неабходныя меры для прадухілення гэтага злачынства.

Ва ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнай дошкі прынялі ўдзел кіраўніцтва Жлобінскага райвыканкама, Гомельскага ваеннага гарнізона, упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці, Беларускай чыгункі і Гомельскага аддзялення БЧ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь.

Як адзначыў намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі: «Устаноўка мемарыяльнай дошкі, – гэта ў першую чаргу, даніна глыбокай павагі ўсім воінам, якія змагаліся ў тыле ворага, а таксама працоўнаму i ратнаму подзвігу работнікаў чыгуначнага транспарту нашай краіны. Упэўнены і перакананы, што сёння работнікі Беларускай чыгункі пры неабходнасці змогуць паўтарыць гэты гераічны ўчынак».

Беларуская чыгунка беражліва захоўвае памяць аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і шануе імёны яе герояў. У гады вайны многія чыгуначнікі знаходзіліся на пярэднім краі. Паравозныя калоны адмысловага рэзерву Наркамата пуцей зносін у вельмі складаных умовах работалі ў прыфрантавой паласе пад бамбёжкамі і абстрэламі, забяспечваючы перамогі Савецкай арміі ад Сталінграда да Берліна. Яскравым прыкладам актыўнага супраціву чыгуначнікаў на занятай ворагам тэрыторыі сталі дзеянні падпольнай групы і партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам легендарнага Канстанціна Заслонава – начальніка лакаматыўнага дэпо Орша.

Уклад чыгуначнікаў у Перамогу быў адзначаны і высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Ужо ў лістападзе 1943 года ўпершыню 127 чыгуначнікаў былі ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай працы, сярод іх былі і чыгуначнікі-беларусы. У цэлым, за час Вялікай Айчыннай вайны ордэнамі і медалямі было ўзнагароджана больш за 28 000 работнікаў сталёвых магістраляў.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год