Беларуская чыгунка падвяла вынікі рацыяналізатарскай і вынаходніцкай дзейнасці ў 2020 годзе
27 студзеня 2021
У арганізацыях і адасобленых структурных падраздзяленнях Беларускай чыгункі ў 2020 годзе было ўкаранёна 462 рацыяналізатарскіх прапановы. У выніку іх выкарыстання атрыманы эканамічны эфект у памеры 3964,34 тыс. рублёў. У распрацоўках і ўкараненні рацыяналізатарскіх прапаноў прынялі ўдзел амаль 700 наватараў Беларускай чыгункі.
Новыя рашэнні былі накіраваны на забеспячэнне бяспекі руху, эканомію і рацыянальнае выкарыстанне працоўных, паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, удасканаленне працэсаў рамонту і эксплуатацыі цягавага рухомага саставу, паляпшэнне ўмоў работы і інш.
Лепшыя вынікі рацыяналізатарскай дзейнасці прадэманстравалі работнікі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, дзе пададзена і ўкаранёна 62 рацпрапановы, атрыманы эканамічны эфект у памеры 1862 тыс. рублёў. У лідэрах у 2020 годзе таксама Гомельскае аддзяленне БЧ. Тут пададзена і ўкаранёна 127 рацпрапаноў, ад якіх эканамічны эфект склаў 697,75 тыс. рублёў. У тройцы лепшых і Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі - пададзена і ўкаранёна 52 рацпрапановы, эканамічны эфект - 558,65 тыс. рублёў.
Развіццю тэхнічнай творчасці на Беларускай чыгунцы і яго стымуляванню спрыяе правядзенне конкурсаў. Штогод на магістралі лепшым наватарам прысвойваюцца ганаровыя званні: «Лепшы рацыяналізатар Беларускай чыгункі», «Лепшы малады рацыяналізатар Беларускай чыгункі», «Лепшы арганізатар тэхнічнай творчасці Беларускай чыгункі».
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2021 год