Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Дзеці і бяспека»

13 лістапада 2020

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Дзеці і бяспека», якая праводзілася ў час восеньскіх школьных канікул. З 28 кастрычніка па 8 лістапада работнікамі БЧ сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі арганізаваны рэйды, падчас якіх надавалася асаблівая ўвага дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без дагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. Акрамя таго, на вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова інфармавалі аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, праведзена тлумачальна-прафілактычная работа ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі.

У рамках акцыі работнікамі Беларускай чыгункі арганізаваны 230 рэйдаў. Выяўлены і выведзены ў бяспечныя месцы 88 непаўналетніх, якія знаходзіліся на аб'ектах чыгункі без суправаджэння бацькоў ці дарослых. З 35 непаўналетнімі, якія знаходзіліся на чыгуначных пуцях у навушніках і размаўлялі па мабільных тэлефонах, праведзены прафілактычныя гутаркі.

Акрамя таго, удзельнікамі акцыі былі праведзены больш за 470 выступаў у працоўных калектывах і ўстановах адукацыі па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце. У іх прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек, амаль 17 тысяч з якіх – непаўналетнія. Распаўсюджана больш за 5,5 тысяч прафілактычных памятак.

За 10 месяцаў гэтага года на Беларускай чыгунцы адбылося 80 выпадкаў невытворчага траўматызму, што на 7 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (87 супраць 80), колькасць пацярпелых таксама скарацілася на 7 чалавек (з 87 да 80), сярод якіх – 5 непаўналетніх (3 загінула).

У стане алкагольнага ап'янення пацярпелі 33 чалавекі. Гэта больш за 40% ад агульнай колькасці пацярпелых. Таксама зафіксаваны 2 выпадкі траўміравання токам кантактнай сеткі.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне людзьмі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне падвышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне, знаходжанне ў навушніках пры пераходзе чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і т. д.

Беларуская магістраль надае вялікае значэнне забеспячэнню бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

У мэтах прафілактыкі траўміравання непаўналетніх і недапушчэння транспартных правапарушэнняў БЧ рэгулярна праводзіць тэматычныя акцыі і рэйды на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважліва на аб'ектах чыгуначнага транспарту і нагадвае аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пераходу чыгуначных пуцей або знаходжанне на іх у неналежным месцы.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2020 год