Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

31 студзеня на тэхніка-эканамічным савеце ў Мінску падвялі вынікі работы чыгуначнай галіны за 2019 год

31 студзеня 2020

Вынікі работы Беларускай чыгункі ў мінулым годзе і задачы на 2020 год былі разгледжаны 31 студзеня на выніковым пасяджэнні тэхніка-эканамічнага савета БЧ, якое адбылося ва Упраўленні Беларускай чыгункі.

У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік Міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Андрэй Іваноў, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, службаў і арганізацый Беларускай чыгункі, а таксама галіновай прафсаюзнай арганізацыі.

Асноўныя вынікі дзейнасці БЧ у 2019 годзе і задачы яе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020 год былі агучаныя ў дакладзе Начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава.

У 2019 годзе аб'ём перавозак грузаў склаў 145,5 млн тонаў. Перспектыўным напрамкам па-ранейшаму з'яўляюцца кантэйнерныя перавозкі і рэалізацыя новых праектаў у гэтай сферы. За мінулы год агульны аб'ём перавозак грузаў у кантэйнерах вырас на 15% да 2018 года і амаль у 3 разы да 2015 года.

Асноўнымі задачамі развіцця грузавых перавозак з'яўляецца ўдасканаленне маркетынгавай дзейнасці і павышэнне эфектыўнасці работы маркетынгавых падраздзяленняў на аддзяленнях чыгункі па прыцягненню дадатковага грузапатоку, укараненне сучасных метадаў кіравання тэрмінальна-складской гаспадаркай, забеспячэнне патрабаванага кліентамі ўзроўню якасці паслуг, а таксама далейшае развіццё кантэйнернага сегмента грузавых перавозак за кошт арганізацыі новых праектаў, стварэнне ўмоў для росту паставак беларускай прадукцыі ў кантэйнерах на знешнія рынкі збыту, асабліва надаўшы ўвагу стратэгічнаму кітайскаму кірунку, маршрутам транспартных калідораў «Поўнач–Поўдзень».

У 2020 годзе Беларускай чыгункай плануецца рэалізаваць сумесныя праекты з рэзідэнтамі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», а таксама стварэнне лічбавага еўрапейскага чыгуначнага аператара.

Не менш важнай задачай для Беларускай чыгункі з'яўляецца якаснае забеспячэнне патрэб у перавозках жыхароў і гасцей краіны. За 2019 год было перавезена 80 млн пасажыраў, пасажыраабарот склаў – 6,3 мільярда пас-км або 100,9% да 2018 года. Як адзначыў Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, забяспечыць рост перавозак і тым самым спыніць тэндэнцыю зніжэння пасажыраабароту, якая назіралася з 2014 года, дазволілі прынятыя меры.

У мінулым годзе ў мэтах паляпшэння транспартнага абслугоўвання і нарошчвання пасажырскіх перавозак прызначаны шэраг новых цягнікоў, а таксама скарочаны час знаходжання ў дарозе цягнікоў, якія ідуць у кірунку абласных цэнтраў.

Разам з тым, для далейшага развіцця пасажырскіх перавозак наспела неабходнасць абмеркавання пытання па ўдзелу мясцовых органаў дзяржаўнай улады ў сацыяльным заказе на перавозку пасажыраў у рэгіянальных зносінах.

Прадоўжана развіццё электронных каналаў афармлення праязных дакументаў. У 2019 годзе з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт і праз мабільнае прыкладанне аформлена 3,2 млн праязных дакументаў. Доля аформленых білетаў праз Інтэрнэт павялічылася да 25% у 2019 годзе.

Распрацавана афіцыйнае мабільнае прыкладанне, у рамках якога рэалізавана сістэма продажу электронных праязных дакументаў на цягнікі ўсіх відаў зносиін.

«Рост прывабнасці паслуг чыгункі можа быць забяспечаны ў першую чаргу праз якасны сэрвіс, абнаўленне рухомага саставу і павышэнне хуткасцяў», – адзначыў Уладзімір Марозаў.

У планах 2020 года – арганізацыя дзённага хуткаснага пасажырскага руху ў зносінах Мінск‑Масква.

У рамках абнаўлення рухомага саставу запланавана набыццё больш за 400 адзінак грузавых і 34 адзінак пасажырскіх вагонаў, 3 дызель-цягнікоў шасцівагоннай састаўнасці.

Інвестыцыйнай праграмай у 2019 годзе быў прадугледжаны як працяг рэалізацыі раней пачатых інвестыцыйных праектаў, так і новых, накіраваных на развіццё інфраструктуры. Уведзены ў эксплуатацыю больш за 40 аб'ектаў капітальнага будаўніцтва, сярод якіх: развіццё цэнтра кіравання перавозкамі (1-я чарга), чыгуначнай станцыі Смаргонь, завяршэнне мадэрнізацыі кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны, працягнута электрыфікацыя ўчастка Жлобін‑Калінкавічы‑Барбароў. Набыта больш за 2 тысячы адзінак грузавых вагонаў, 30 адзінак пасажырскіх, 3 адзінкі дызель-цягнікоў шасцівагоннай састаўнасці.

Таксама былі ўведзены ў эксплуатацыю новыя мікрапрацэсарныя сістэмы СЦБ айчыннай распрацоўкі і вытворцы на станцыях Смаргонь, Мормаль, Яшчыцы.

У планах на гэты год працяг работ па электрыфікацыі ўчастка Жлобін–Калінкавічы, запуск у эксплуатацыю сістэм мікрапрацэсарнай цэнтралізацыі Гомельскага і Калінкавіцкага вузлоў, на станцыях Светлагорск і Жэрдзь, мадэрнізацыя прылад электрычнай цэнтралізацыі і аўтаблакіроўкі на ўчастку Жлобін–Калінкавічы‑Славечна.

Агульны аб'ём інвестыцыйнай праграмы у 2019 годзе склаў 588,7 млн рублёў, што ў 2 разы больш за ўзровень 2018 года.

«Для захавання і павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці мы абавязаны ўкладваць значныя сродкі ў бягучае ўтрыманне і развіццё аб'ектаў інфраструктуры, рамонт і абнаўленне перавозачных рэсурсаў. Гэта магчыма толькі пры забеспячэнні росту выручкі па ўсіх напрамках дзейнасці. У 2020 годзе выручка па перавозках павінна ўзрасці не менш як на 8,9%. Неабходна працягваць працу па рэалізацыі прынцыпаў кліентаарынтаванасці і гнуткага тарыфнага рэгулявання», – падкрэсліў у сваім выступленні Уладзімір Марозаў.

Па-ранейшаму надавалася вялікая ўвага развіццю і ўмацаванню кадравага патэнцыялу, сацыяльнай падтрымцы работнікаў і ветэранаў магістралі.

У 2019 годзе рэалізаваны мерапрыемствы па росце сярэднямесячнай заработнай платы, якая павялічылася на 9,3% і склала 1 216 рублёў.

У галіне кадравай палітыкі Уладзімір Марозаў падкрэсліў, што падрыхтоўка кваліфікаванага персаналу з'яўляецца важнай складальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця галіны.

На чыгунцы сфарміравана і дзейнічае сістэма матывацыі высокапрадукцыйнай працы работнікаў. За высокія дасягненні ў працы, добрасумленную працу у 2019 годзе дзяржаўнымі і галіновымі ўзнагародамі ўзнагароджаны 1875 работнікаў.

Неад'емнай часткай сацыяльнай палітыкі з'яўляецца планамерная праца па ўзаемадзеянні з ветэранскімі арганізацыямі і сацыяльнай падтрымкай ветэранаў вайны і працы. Сёння на ўліку ў арганізацыях чыгункі складаецца больш за 34 тыс. непрацуючых пенсіянераў.

У выніку мерапрыемстваў па прафiлактыцы невытворчага траўматызму, якія рэгулярна праводзяцца на Беларускай чыгунцы, у гэтым годзе адбылося на 6 выпадкаў менш, чым у 2018 годзе, і на 162 выпадкі менш, чым у 2007 годзе. Тым не менш, у 2019 годзе на чыгунцы зафіксавана 109 выпадкаў невытворчага траўматызму. Траўмавана 109 чалавек, з якіх 72 – смяротна. Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму з'яўляецца ігнараванне грамадзянамі мер бяспекі пры знаходжанні на чыгуначных пуцях.

На працягу мінулага года адбылося 14 выпадкаў сутыкнення чыгуначных і механічных транспартных сродкаў на чыгуначных пераездах, у якіх 2 чалавекі загінулі і трое траўмаваны.

Начальнік Беларускай чыгункі заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў галіны незалежна ад знешніх фактараў дамагацца пастаўленых мэтаў.

На пасяджэнні ТЭС былі агучаныя і іншыя найважнейшыя перспектыўныя задачы Беларускай чыгункі на 2020 год, і, перш за ўсё, выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных Мінтрансам, а таксама распрацоўка праекта чыгуначнага блока Дзяржаўнай праграмы развіцця транспартнага комплексу краіны на 2021-2025 гады.

У ходзе пасяджэння тэхніка-эканамічнага савета з дакладамі выступілі і кіраўнікі профільных службаў, якія падвялі вынікі працы сваёй дзейнасці і абазначылі перспектыўныя напрамкі на 2020 год.

У заключным слове намеснік Міністра транспарту і камунікацый Андрэй Іваноў адзначыў, што сёння Беларуская чыгунка ўяўляе сабой адзіны, згуртаваны, укамплектаваны пісьменнымі спецыялістамі калектыў, здольны справіцца з любымі пастаўленымі задачамі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2020 год