Беларуская чыгунка вызначыла асноўныя напрамкі сваёй дзейнасці па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў 2020 годзе
08 студзеня 2020
У 2020 годзе Беларуская чыгунка будзе развіваць міжнароднае супрацоўніцтва па розных напрамках. Прыярытэтным для чыгункі будзе вырашэнне пытанняў, накіраваных на развіццё пасажырскіх і грузавых перавозак, павелічэнне іх аб'ёмаў, у тым ліку арганізацыя перавозак паскоранымі кантэйнернымі цягнікамі з выкарыстаннем транспартна-лагістычных магчымасцяў дзяржаўнага прадпрыемства «Белінтэртранс-транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі, яго кампаній, заснаваных за мяжой.
Будзе працягвацца праца па развіцці перавозак у зносінах Кітай–Еўропа–Кітай, а таксама Кітай–Беларусь–Кітай і супрацоўніцтва з рэзідэнтамі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» у транспартна-лагістычнай сферы і ў арганізацыі перавозак у міжнародных зносінах.
Важным напрамкам з'яўляецца ўдзел чыгункі ў арганізацыі і правядзенні шэрагу міжнародных канферэнцый, форумаў і выставак, а таксама прэзентацыя транспартна-лагістычных магчымасцяў Беларускай чыгункі.
У бягучым годзе БЧ правядзе ў г. Гамбургу (Германія) Міжнародную канферэнцыю на тэму: «З Еўропы ў Кітай па Новым Шаўковым шляху: чыгуначная лагістыка транзітам праз Беларусь».
Таксама плануецца ўдзел чыгункі ў 12-м Балтыйскім транспартным форуме ў г. Калінінградзе (Расія).
Працягнецца супрацоўніцтва з чыгуначнымі кампаніямі замежных дзяржаў у рамках дзейнасці Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў - удзельніц Садружнасці (ЦСЖТ), Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ), Міжнароднага саюза чыгунак (МСЧ), Міжнароднай асацыяцыі «Каардынацыйны Савет па Транссібірскіх перавозках» (КСТП) па пытаннях павышэння канкурэнтаздольнасці чыгуначнага транспарту, удасканалення міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак.
Так, у сакавіку ў Варшаве з удзелам БЧ пройдзе сёмая сесія Міжнароднай канферэнцыі па прыняцці тэксту Канвенцыі аб прамых міжнародных чыгуначных зносінах, а ў Вене (Аўстрыя) – Міжнародны чыгуначны кангрэс.
У красавіку ў Расіі чыгунка прыме ўдзел у працы XXXV пасяджэння Канферэнцыі Генеральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў чыгунак АСЧ). У маі ў Таджыкістане – у 72-м пасяджэнні Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў – удзельніц Садружнасці. У чэрвені ў Венгрыі дэлегацыя беларускай магістралі будзе ўдзельнічаць у працы XLVIII сесіі Нарады Міністраў АСЧ, а таксама ў мерапрыемствах Міжнароднага саюза чыгунак – у 30-й Еўрапейскай рэгіянальнай асамблеі ў Парыжы (Францыя) і ў 96-й Генеральнай асамблеі ў Пекіне (Кітай).
У верасні з удзелам БЧ пройдзе сёмае пасяджэнне Сумеснай рабочай групы па перавозках кантэйнернымі цягнікамі ў зносінах Кітай–Еўропа, а ў Расіі – XXIX Пленарнае пасяджэнне Міжнароднай асацыяцыі «Каардынацыйны Савет па Транссібірскіх перавозках».
У 4 квартале бягучага года БЧ будзе ўдзельнічаць у Міжнародным транспартна-лагістычным форуме «PRO//Движение.1520», у 73-м пасяджэнні Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў – удзельніц Садружнасці.
Прадоўжыцца практыка арганізацыі і правядзення тэматычных круглых сталоў у г. Маскве (Расійская Федэрацыя) і г. Калінінградзе (Расійская Федэрацыя). Чыгунка працягне актыўнае развіццё двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва з чыгуначнымі адміністрацыямі Расіі, Казахстана, Латвіі, Літвы Украіны, Польшчы.
У планах чыгункі далейшае развіццё супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі – вытворцамі чыгуначнага рухомага саставу, тэхнікі і абсталявання, а таксама рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Адным з важных напрамкаў міжнароднай дзейнасці стане ўдзел у міжнародных і нацыянальных выстаўках, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах у сферы транспарту і лагістыкі.
У красавіку БЧ прадставіць свой транзітны патэнцыял на Міжнароднай спецыялізаванай выстаўке «ТрансРасія 2020», якая пройдзе ў Маскве. У верасні ў Берліне (Германія) на выстаўке транспартных тэхналогій і інавацыйных кампанентаў «Inno Trans2020».
У планах чыгункі таксама ўдзел у кастрычніку ў Міжнароднай выстаўке лагістыкі і транспарту «China International Supply Chain and Smart Logistics EXPO 2020», а ў лістападзе ў мерапрыемствах 3-й Міжнароднай выстаўкі імпартных тавараў і паслуг «China International Import EXPO 2020», якія пройдуць у Кітаі.
Штогод у кастрычніку БЧ прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах Беларускага транспартнага тыдня і выстаўке «Транспарт і лагістыка 2020» у Мінску.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2020 год