Дарагія ветэраны! Паважаныя работнікі Беларускай чыгункі!
02 ліпеня 2019
Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта свята непарыўна звязана з адной з найважнейшых падзей у гісторыі нашай краіны — вызваленнем рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзень Незалежнасці стаў сімвалам духоўнага адзінства беларускага народа, а дата 3 ліпеня 1944 года назаўжды засталася ў нашай памяці яркай старонкай гераічнай доблесці франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, а таксама працоўнага і ратнага подзвігу чыгуначнікаў. Тысячы работнікаў чыгуначнага транспарту са зброяй у руках вызвалялі родную зямлю, вадзілі пад абстрэламі і авіяналётамі да лініі фронту цягнікі калон асаблівага рэзерву, аднаўлялі з руін чыгуначную інфраструктуру, забяспечвалі бесперабойны рух воінскіх эшалонаў на Захад — сваёй самаадданай працай набліжалі Вялікую Перамогу.
Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Ад усёй душы прыміце словы шчырай падзякі за працоўны і ратны подзвіг, за мір, які вы прынеслі ў нашы хаты. У гэты светлы і радасны дзень жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці духу і душэўнай энергіі!
2019 год асаблівы для нашай краіны. Мы святкуем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75 гадоў міру і спакою на нашай зямлі. Гэтая святая дата абавязвае нас — цяперашняе пакаленне чыгуначнікаў — шанаваць кожнае імгненне мірнага жыцця, захаваць і прымножыць усё тое, што такой высокай цаной было створана вашым пакаленнем.
Паважаныя ветэраны і работнікі Беларускай чыгункі! Віншуем вас з Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў! Жадаем вам упэўненасці ў заўтрашнім дні, задавальнення ад вынікаў сваёй справы і душэўнага спакою. Хай кожны дзень вашага жыцця будзе напоўнены радасцю, цеплынёй, поспехамі і новымі дасягненнямі, а ў вашых дамах пануе мір і дабрабыт!
Са святам!
Начальнік Беларускай чыгункі У.М. Марозаў
Намеснік старшыні Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай
арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў А.М. Ваўчок
Старшыня арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі С.П. Гогалеў