Білеты на цягнікі гарадскіх і рэгіянальных ліній эканомкласа зараз можна купіць праз тэрміналы самаабслугоўвання
19 ліпеня 2019
У мэтах паляпшэння якасці абслугоўвання пасажыраў Беларуская чыгунка пашырае спосабы аплаты праезду ў цягніках з ненумараванымі месцамі.
На вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі пачалі працаваць першыя 10 новых тэрміналаў самаабслугоўвання, якія дазваляюць пасажырам самастойна аформіць праязныя дакументы на цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа і гарадскіх ліній. Дадзеныя тэрміналы маюць удасканалены функцыянал у параўнанні з тымі, што былі раней, і дазваляюць выконваць аплату аплатнымі карткамі ўсіх банкаў, уключаючы міжнародныя. Акрамя таго, тэрміналы прымаюць аплату наяўнымі грашовымі сродкамі (купюры, манеты) і выдаюць рэшту. Для зручнасці карыстальнікаў на іх экранах адлюстроўваецца час адпраўлення бліжэйшых цягнікоў у найбольш папулярных напрамках.
Такім чынам, у цяперашні час праезд у цягніках гарадскіх і рэгіянальных ліній эканомкласа можна аплаціць:
у білетных касах Беларускай чыгункі шляхам афармлення праязнога дакумента (білета) для разавай паездкі ў адным кірунку або ў кірунку «туды і назад»;
у тэрміналах самаабслугоўвання для афармлення праязных дакументаў.
Акрамя таго, у цягніках гарадскіх ліній аплаціць праезд можна ў цягніку:
з выкарыстаннем смарт-карты, на якую папярэдне запісаны тарыфныя адзінкі ў касах Мінсктрансу або Беларускай чыгункі, размешчаных на станцыях (прыпыначных пунктах) у межах руху цягнікоў гарадскіх ліній;
з дапамогай плацежных банкаўскіх картак пры праездзе ў 1 тарыфнай зоне (Мінск—Беларусь, Мінск—Койданава, Мінск—Гарадзішча).
Таксама пасажыры маюць магчымасць аформіць доўгатэрміновыя праязныя дакументы:
абанементны білет «Гарадскія лініі» у касах Беларускай чыгункі, які дае права праезду ў цягніках гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканомкласа на выбраным участку;
смарт-карту ў касах Мінсктранса або Беларускай чыгункі, якая дае права праезду на пэўны перыяд у цягніках гарадскіх ліній і ў выбраных відах гарадскога грамадскага транспарту.
У верасні 2019 года Беларуская чыгунка плануе ўкараніць продаж электронных праязных дакументаў на цягнікі з ненумараванымі месцамі на афіцыйным Інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі (гарадскія лініі і рэгіянальныя лініі эканомкласа).
З улікам пашырэння сучасных спосабаў аплаты праезду ў цягніках з ненумараванымі месцамі Беларускай чыгункай прынята рашэнне аб адмове ад формы праязных дакументаў, якая прымянялася раней, у цягніках гарадскіх ліній — аднаразовых білетаў (талонаў), якія падлягаюць кампасціраванню.
Беларуская чыгунка заклікае пасажыраў адказна ставіцца да карыстання паслугамі чыгуначнага транспарту і своечасова аплачваць праезд!
Нагадваем, што ў цяперашні час штраф за безбілетны праезд у цягніках гарадскіх ліній складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні, штраф за безбілетны праезд пасажыраў у цягніках рэгіянальных ліній — 0,7 базавай велічыні.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2019 год