Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Напярэдадні летніх школьных канікул Беларуская чыгунка праводзіць акцыю «Дзеці і бяспека»

27 мая 2019

27 мая на Беларускай чыгунцы стартавала акцыя «Дзеці і бяспека». Яна накіравана на папярэджанне няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей і падлеткаў на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Работнікі беларускай магістралі арганізуюць сустрэчы са школьнікамі ў навучальных установах і дзіцячых аздараўленчых лагерах, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад чыгункі, і правядуць тлумачальна-прафілактычныя гутаркі. Таксама ў рамках акцыі будуць арганізаваны рэйды, падчас якіх нададуць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках.

Дадатковае інфармаванне грамадзян аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту будзе ажыццяўляцца на вакзалах і ў цягніках.

Працягнецца акцыя «Дзеці і бяспека» да 7 чэрвеня.

Трэба адзначыць, што праца па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту праводзіцца на Беларускай чыгунцы рэгулярна.

З пачатку года на БЧ адбылося 36 выпадкаў невытворчага траўматызму, што на 9 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Пацярпела 36 чалавек (3 з іх — непаўналетнія): загінула 25 грамадзян і 11 траўміравана. Парадку 39% пацярпелых знаходзіліся на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў стане алкагольнага ап'янення.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне грамадзянамі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне падвышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г. д.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту і нагадвае аб адміністрацыйнай адказнасці за пераход чыгуначных пуцей або знаходжанне на іх у неўстаноўленым месцы.

Памятаеце! Чыгунка — гэта крыніца падвышанай небяспекі. Не пакідайце дзяцей адных і не дазваляйце ім гуляць паблізу чыгуначных пуцей, не хадзіце па чыгуначных пуцях, не пераходзьце іх у неўстаноўленых месцах. Таксама забараняецца перабягаць пуці перад надыходзячым цягніком, скакаць з платформаў, падлазіць пад рухомы састаў, катацца на кабінах і дахах маторвагоннага рухомага саставу і лакаматываў, класці на пуці староннія прадметы, кідаць камяні ў   рухомы састаў, які рухаецца, карыстацца паблізу чыгуначнага палатна навушнікамі і размаўляць па мабільным тэлефоне. Захаванне гэтых простых правіл можа выратаваць жыццё вам і вашым блізкім.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год