Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка заключыла кантракт на пастаўку 10 сучасных электрацягнікоў

18 студзеня 2019

18 студзеня ва Упраўленні Беларускай чыгункі адбылося падпісанне кантракту з кампаніяй ЗАТ «Штадлер Мінск» на закупку электрацягнікоў для міжрэгіянальных ліній бізнес-класа. Кантракт падпісалі Уладзімір Балахонаў — намеснік Начальніка Беларускай чыгункі, Філіп Бруннер — дырэктар ЗАТ «Штадлер Мінск».

У адпаведнасці з кантрактам Беларуская чыгунка набудзе да 2021 года 10 сучасных пяцівагонных электрацягнікоў серыі ЭПМ пераменнага току з максімальнай хуткасцю 160 км/ч. Пастаўка першага электрацягніка запланаваная на канец 2020 года. Для рэалізацыі дадзенага інвестыцыйнага праекта плануецца прыцягнуць крэдытныя рэсурсы вядучых замежных банкаў.

Уладзімір Балахонаў падчас цырымоніі падпісання падзякаваў кіраўніцтву кампаніі Штадлер за канструктыўнае супрацоўніцтва. Ён таксама адзначыў, што сённяшняя падзея з'яўляецца працягам развіцця новага фармату пасажырскіх перавозак, да ўкаранення якога Беларуская чыгунка прыступіла ў 2010 годзе ў мэтах стварэння ў Беларусі комплекснай сістэмы перавозак, накіраванай на эфектыўнае задавальненне патрэбаў насельніцтва ў транспартным абслугоўванні. Падпісанне кантракту сведчыць аб перспектыўным развіцці Беларускай чыгункі і яе гатоўнасці рэалізоўваць важныя сацыяльныя праекты, накіраваныя на прадастаўленне жыхарам і гасцям нашай краіны транспартнай паслугі еўрапейскага ўзроўню.

Як адзначыў Філіп Бруннер  — дырэктар ЗАТ «Штадлер Мінск»: «Дадзены заказ азначае для нас далейшае пашырэнне прысутнасці кампаніі Stadler на беларускім рынку, і мы ўдзячныя Беларускай чыгунцы за праяўленыя давер і ўпэўненасць у высокай якасці і надзейнасці нашага сучаснага рухомага саставу».

Базавай мадэллю для распрацоўкі новых электрацягнікоў стануць семівагонныя электрацягнікі серыі ЭПМ, якія паспяхова курсіруюць па Беларускай чыгунцы са жніўня 2016 года па маршруту Мінск—Гомель.

Даўжыня новых саставаў складзе 92 960 мм, шырыня кузава — 3 480 мм. У цягніку прадугледжана 260 месцаў для сядзення 1 і 2 класа. У зоне 1 класа (падвышанай камфортнасці) размесціцца 16 месцаў. Тут прадугледжаны камфартабельныя крэслы са спінкай, што рэгулюецца па вуглу нахілу, індывідуальныя падлакотнікі. Зона 1 класа аддзеленая шкляной перагародкай з электрычным прывадам. У пасажырскім салоне 1 класа будуць устаноўлены кнопкі выкліку правадніка, пры націску якіх у купэ правадніка выдаецца аўдыё-відэасігнал. Прадугледжаны месцы для размяшчэння буйнагабарытнага багажу, гардэроб для верхняга адзення.

У салонах 2 класа будуць устаноўлены мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме «3 + 2».

Адметнай асаблівасцю новых цягнікоў стане наяўнасць у пасажырскім салоне аўтаматычных сістэм (апаратаў) па продажы прадуктаў харчавання, гарачых і ахаладжальных напояў.

Кожнае акно ў новых цягніках ЭПМ будзе абсталяванае сонцаахоўнымі рулоннымі шторамі з фіксацыяй іх у любым зададзеным становішчы.

У цягніку прадугледжана наяўнасць 3 туалетных комплексаў, адзін з якіх — для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Ва ўсіх вагонах інфармацыя пра нумары вагонаў і месцы, а таксама інфармацыя, якая размяшчаецца на элементах кіравання для пасажыраў, будзе прадубляваная шрыфтам Брайля. Таксама абсталяваны месцы для праезду людзей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата.

У адным з салонаў электрацягніка прадугледжаны зоны для перавозкі дзіцячых калясак, буйнагабарытнага багажу і перавозкі трох веласіпедаў.

Электрацягнікі будуць абсталяваны сістэмай бесправаднога доступу да сеткі Інтэрнэт (WI-FI), а таксама сістэмай узмацнення сігналу GSM.

У мэтах павышэння эфектыўнасці эксплуатацыі рухомага саставу дадзеныя аб становішчы цягніка, расходзе электраэнергіі і маршруце змогуць перадавацца на сервер Беларускай чыгункі. Цягнікі, якія пастаўляюцца, будуць адпавядаць усім патрабаванням ТР МС 001/2011 (тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза).

Дадзеныя электрацягніка міжрэгіянальных ліній бізнес-класа плануецца выкарыстоўваць для перавозкі пасажыраў на найбольш запатрабаваных электрыфікаваных участках Беларускай чыгункі.

Аб супрацоўніцтве БЧ з кампаніяй Штадлер

Беларуская чыгунка супрацоўнічае з кампаніяй Штадлер з 2010 года, калі быў заключаны першы кантракт на пастаўку 10 сучасных электрацягнікоў для гарадскіх ліній.

Першым маршрутам у гэтым праекце стаў участак паміж станцыямі Мінск-Пасажырскі і Ждановічы, адкрыццё пастаяннага руху на якім адбылося ў 2011 годзе.

Сёння сучасныя цягнікі гарадскіх ліній ЭПг звязваюць сталіцу Беларусі з трыма гарадамі-спадарожнікамі — Заслаўем, Рудзенскам і Смалявічамі. Да 2020 года плануецца адкрыць рух да г. Дзяржынска.

Другім этапам стала арганізацыя перавозкі пасажыраў у рэгіянальных зносінах бізнес-класа па маршруце Мінск—Брэст. У 2016 годзе адбылося адкрыццё міжрэгіянальных пасажырскіх перавозак бізнес-класа электрацягніком ЭПМ InterCity па маршруце Мінск—Гомель.

Стварэнне ў рэспубліцы комплекснай сістэмы перавозак, накіраванай на эфектыўнае задавальненне патрэбаў насельніцтва ў транспартным абслугоўванні вызначана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.04.2012 №202 «Аб мерах па развіцці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання».

Усе гэтыя гады Беларуская чыгунка актыўна і планамерна прымяняла у жыццё новы фармат пасажырскіх перавозак. Сёння ў Беларусі ў гарадскіх, рэгіянальных і міжрэгіянальных зносінах курсіруе 18 сучасных электрацягнікоў ЭПг, ЭПр і ЭПМ вытворчасці сусветна вядомага канцэрна «Stadler».

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год