Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Беларускай чыгунцы 27 снежня споўнілася 156 гадоў

27 снежня 2018

27 снежня ў Дзень нараджэння Беларускай чыгункі ў сталіцы сабраліся лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў з усіх аддзяленняў чыгункі. Традыцыйна ў гэты дзень у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання галіновымі ўзнагародамі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь і Беларускай чыгункі.

За шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё чыгуначнага транспарту ўзнагародамі Мінтранса — знакам «Ганаровы транспартнік» і Ганаровай граматай былі адзначаны 18 работнікаў беларускай магістралі.

Таксама Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў у Дзень нараджэння беларускай магістралі ўручыў 170 перадавікам вытворчасці вышэйшыя галіновыя ўзнагароды: знакі «Ганаровы чыгуначнік», «Выдатнік Беларускай чыгункі», «За дабрасумленую працу на Беларускай чыгунцы» I і II ступені.

У сваім выступленні Начальнік чыгункі падзякаваў чыгуначнікам за добрасумленную працу і адзначыў, што дасягненні працоўнага калектыву пацвярджаюцца не толькі выкананнем эканамічных паказчыкаў, але і канкрэтнымі справамі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што чыгуначны транспарт па-ранейшаму захоўвае свае лідзіруючыя пазіцыі на рынку транспартных паслуг і забяспечвае звыш 65% агульнага аб'ёму грузаабароту краіны і каля 30% — пасажыраабароту. У бягучым годзе чыгункай перавезена 157 млн тон грузаў і амаль 80 млн пасажыраў, пагрузка склала амаль 90 млн тон. Сярод дасягненняў адыходзячага года Уладзімір Марозаў таксама адзначыў рост кантэйнерных перавозак, праведзеную работу па рэалізацыі інфраструктурных праектаў і абнаўленню рухомага саставу.

У бягучым годзе пачаты работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў, працягласцю 139 км.

Шмат зроблена для павелічэння прапускной здольнасці грузавых тэрміналаў, размешчаных на беларуска-польскай мяжы. У 2019 годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю кантэйнернага тэрмінала на станцыі Брэст-Паўночны і аднавіць перадачу грузаў праз пагранічны пераход Высока-Літоўск—Чаромха.

З 10 снежня 2018 года ўкаранёны электронны дакументаабарот пры арганізацыі транзітных перавозак парожніх прыватных вагонаў у зносінах Латвія—Расія—Беларусь.

Упершыню ў маі 2018 года Беларуская чыгунка правяла канферэнцыю па пытаннях развіцця грузавых перавозак на тэрыторыі Еўрасаюза ў Нідэрландах.

У новым фармаце працягнута вытворчае спаборніцтва паміж калектывамі Беларускай і Маскоўскай чыгунак. А таксама практыка правядзення круглых сталоў з прэзентацыяй сваіх магчымасцяў і транзітнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь за мяжой. Гэтыя мерапрыемствы прайшлі ў Калінінградзе, Маскве.

Рэалізаваны шэраг праектаў у пасажырскай гаспадарцы. Працягваецца актыўная работа па далейшаму ўкараненню інфармацыйных тэхналогій. Сёння ўжо кожны пяты пасажыр набывае білетыі праз Інтэрнэт.

Шэраг яркіх падзей адбыўся і ў сацыяльнай сферы. У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы, было арганізавана і праведзена больш за 10 фестываляў і конкурсаў.

Калектыў дарогі свята шануе традыцыі і захоўвае для будучых пакаленняў сваю багатую гісторыю.

27 ліпеня ў Брэсце пасля рэканструкцыі быў адкрыты музей чыгуначнай тэхнікі Беларускай чыгункі. А 1 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі з размяшчэннем натурных экспанатаў у гісторыка-культурным комплексе Лінія Сталіна, прысвечанай працоўнаму і ратнаму подзвігу ўсіх пакаленняў воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарту Беларусі.

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня нараджэння беларускай магістралі праходзяць у гэтыя дні на ўсіх аддзяленнях чыгункі. Усяго больш за 500 лепшых прадстаўнікоў сваіх працоўных калектываў былі адзначаны вышэйшымі галіновымі ўзнагародамі.

Даведачна:

Гісторыя Беларускай чыгункі пачалася з будаўніцтва ў 1851 годзе ў рамках Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай магістралі першага на беларускай зямлі чыгуначнага ўчастка Гродна—Парэчча. Рух на ім быў адкрыты 27 снежня 1862 года (15 снежня па старым стылі).

Дзякуючы чыгункам эканоміка Беларусі апынулася цесна звязанай з рынкам сумежных дзяржаў. Чыгунка дапамагла ператварыцца Беларусі ў высокаразвітую індустрыяльную рэспубліку.

Сёння праз Беларусь праходзяць два найважнейшыя транс'еўрапейскія калідоры, пазначаныя па міжнароднай класіфікацыі II (Захад—Усход) і IX (Поўнач—Поўдзень) з адгалінаваннем ІХВ (парты Балтыі).

Беларуская чыгунка — гэта 320 пасажырскіх станцый, 19 буйных вакзалаў, 586 пасажырскіх прыпыначных пунктаў. Маршрутная сетка ахоплівае больш за 2100 населеных пунктаў.

У арганізацыі працэсу перавозак грузаў удзельнічаюць 369 станцый. З іх 227 ажыццяўляюць грузавыя аперацыі. Створана сучасная тэрмінальная інфраструктура, функцыянуюць 52 грузавых тэрмінала, у тым ліку 17 кантэйнерных, якія маюць неабходныя вытворчыя магутнасці і аказваюць поўны комплекс транспартна-лагістычных паслуг.

Прыём і здача пасажыра- і грузапатоку ажыццяўляецца праз 13 стыкавых міждзяржаўных пунктаў.

Беларуская чыгунка сёння прысутнічае ў якасці сваіх прадстаўніцтваў у Расіі, Казахстане, краінах Еўрасаюза — Германіі, Літве, Польшчы, а таксама ў Кітаі.

На магістралі працуе больш 76000 чалавек, прадстаўнікі больш за 300 прафесій і спецыяльнасцяў, налічваецца больш за 400 працоўных дынастый.

Беларуская чыгунка паспяхова развівае супрацоўніцтва з замежнымі чыгуначнымі адміністрацыямі і з'яўляецца членам Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці, арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак, Міжнароднага саюза чыгунак, Каардынацыйнага савета па Транссібірскіх перавозках, а таксама членам шэрагу іншых арганізацый.

Беларуская чыгунка ўпэўнена глядзіць у будучыню і дынамічна развіваецца на карысць росквіту Рэспублікі Беларусь.


 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год