Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дэлегацыя Беларускай чыгункі прыняла ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у Шанхаі (КНР)

09 лістапада 2018

У рамках візіту дэлегацыі Беларускай чыгункі ў Шанхай (КНР) 5 лістапада адбылася рабочая сустрэча Начальніка БЧ Уладзіміра Марозава з Генеральным дырэктарам карпарацыі «Кітайскія чыгункі» спадаром Лу Дунфу.

Кіраўнікі чыгуначных адміністрацый абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця кантэйнерных перавозак у зносінах Кітай—Еўропа—Кітай. Бакі канстатавалі дынамічны і стабільны рост аб'ёмаў кантэйнерных перавозак паміж Кітаем і Рэспублікай Беларусь.

За 9 месяцаў 2018 года праз Беларусь ужо прайшло 2373 кантэйнерных цягніка з 50 гарадоў Кітая ў напрамку 40 гарадоў 15 еўрапейскіх краін, а таксама ў адваротным напрамку. У іх саставе перавезена 213,4 тыс. кантэйнераў, што на 25% больш, чым у 2017 годзе. Да канца гэтага года плануецца, што аб'ём перавозак складзе не менш за 340 тыс. кантэйнераў.

Кітайскі бок адзначыў, што Беларусь з'яўляецца вельмі важным звяном на шляху дастаўкі грузаў з Кітая ў Еўропу. У сваю чаргу Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў канстатаваў, што адзін з найважнейшых кірункаў работы беларускай магістралі ў рамках забеспячэння бесперашкоднага пропуску кантэйнерапатока — павелічэнне прапускной здольнасці беларуска-польскіх памежных пераходаў і цеснае ўзаемадзеянне з польскімі партнёрамі.

Уладзімір Марозаў станоўча ацаніў рост аб'ёмаў кантэйнерных перавозак з Кітая і ролю ініцыятывы «Кітайскіх чыгунак» у рамках Сямістаронняга пагаднення аб паглыбленні супрацоўніцтва па арганізацыі кантэйнерных цягнікоў у зносінах Кітай—Еўропа.

Па словах Начальніка БЧ, у сферы ўвагі Беларускай чыгункі ў цяперашні час знаходзіцца і тэма экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай арганізаванымі кантэйнернымі цягнікамі. У мае 2017 года па маршруце Смаргонь—Чэнду быў адпраўлены першы паўнасастаўны кантэйнерны цягнік з прадукцыяй дрэваапрацоўчай прамысловасці прадпрыемства «Кронаспан».

У верасні 2018 года адбылася адпраўка першага экспартнага кантэйнернага цягніка з малочнай прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў па маршруце Мінск—Чунцын. «У цэлым сёння актыўна рэалізуюцца праекты кантэйнерных цягнікоў у Кітай з беларускімі прадуктамі харчавання, ляснымі грузамі, паперай і інш. Час у шляху ад станцыі адпраўлення да станцыі прызначэння складае 12—14 сутак», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай магістралі.

Таксама 6 лістапада ў Шанхаі дэлегацыя Беларускай чыгункі прыняла ўдзел у Першай кітайскай міжнароднай выставе імпартных тавараў і паслуг «China International Import Expo», у рамках якой адбылося адкрыццё Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, па запрашэнні кітайскай карпарацыі «Чайна Мерчантс Груп» Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў 6 лістапада выступіў на Міжнародным форуме супрацоўніцтва ў сферы лагістыкі «Адзін пояс — адзін шлях» з прэзентацыяй перспектыў развіцця транспартна-лагістычнага патэнцыялу БЧ з улікам канцэпцыі «Адзін пояс — адзін шлях». Ён адзначыў, што праз Беларусь праходзяць самыя кароткія чыгуначныя маршруты кантэйнерных цягнікоў з Кітая ў Еўропу. Беларуская чыгунка з'яўляецца своеасаблівым сухапутным мостам для перавозак на стыку каляіны 1520 мм і 1435 мм.

Сёння больш за 90% усіх чыгуначных перавозак з Кітая ў Еўропу і ў зваротным напрамку ажыццяўляюцца транзітам праз Беларусь.

Падводзячы вынікі свайго выступу, кіраўнік беларускай магістралі падкрэсліў, што Беларуская чыгунка з'яўляецца надзейным звяном лагістычных маршрутаў кантэйнерных перавозак грузаў паміж Кітаем і Еўропай. «Прымаемыя сумесна з нашымі партнёрамі меры як па развіццю інфраструктуры, так і па ўдасканаленні тэхналогіі кантэйнерных перавозак па маршруце Кітай—Еўропа дазваляюць мне ўпэўнена заяўляць аб нашай гатоўнасці забяспечыць усе прагназуемыя аб'ёмы перавозак грузаў чыгуначным транспартам праз Беларусь і ў зносінах з Беларуссю».

Візіт дэлегацыі Беларускай чыгункі завяршыўся удзелам у Беларуска-Кітайскім дзелавым форуме, які адбыўся ў Шанхаі 7 лістапада.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год