Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка пераводзіць кантэйнерныя перавозкі ў лічбавы фармат

18 кастрычніка 2018

З 22 кастрычніка 2018 года Беларуская чыгунка і ААТ «РЖД» будуць ажыццяўляць перавозкі грузаў у кантэйнерах і парожніх кантэйнераў у зносінах Беларусь—Расія па электронных дакументах.

З гэтай даты ва ўсіх беларускіх удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці — грузаадправіцеляў, грузаатрымальнікаў, экспедытараў з'явіцца магчымасць арганізаваць перавозку грузаў у кантэйнерах і парожніх кантэйнераў прызначэннем на станцыі ААТ «РЖД» па ўсіх пагранпераходах (за выключэннем Калінінградскай чыгункі ААТ «РЖД») на аснове юрыдычна значных электронных перавозачных дакументаў, падпісаных электронным лічбавым подпісам на станцыях адпраўлення Беларускай чыгункі без афармлення накладных СМГС на папяровых носьбітах.

Для Беларускай чыгункі развіццё грузавых перавозак з'яўляецца адным з прыярытэтных. Беларуская магістраль імкнецца стварыць максімальна камфортныя, прывабныя і канкурэнтаздольныя ўмовы для кліента па перавозцы грузаў. З гэтай мэтай у апошнія гады чыгунка сканцэнтравалася на ўкараненні спецыялізаванай сістэмы «Электронная перавозка». Варта адзначыць, што ў 2012 годзе чыгуначнікі Беларусі і Расіі першымі на еўразійскім транспартным палігоне пачалі ўжываць юрыдычна значныя электронныя перавозачныя дакументы ў грузавых зносінах.

У цяперашні час у зносінах Беларусь—Расія практычна ўся наменклатура грузавых двухбаковых чыгуначных перавозак перакладзена на беспапяровыя лічбавыя тэхналогіі.

Кантэйнерныя перавозкі з'яўляюцца адным з самых запатрабаваных відаў перавозак і дэманструюць стабільную дынаміку росту.

За студзень—верасень 2018 года перавозка грузаў у кантэйнерах праз беларуска-расійскія памежныя пераходы павялічылася на 9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года.

Перавозка грузаў у кантэйнерах і парожніх кантэйнераў у зносінах Беларусь—Расія па электронных дакументах з'яўляецца чарговым этапам развіцця лічбавых тэхналогій.

Рост перавозак грузаў чыгуначным транспартам з выкарыстаннем магчымасці аўтаматызаванай сістэмы «Электронная перавозка» — гэта вынік правядзення мэтанакіраванай работы па развіцці спецыялізаванага інфармацыйнага комплексу Беларускай чыгункі. Яго асновай з'яўляецца спецыялізаваная аўтаматызаваная web-сістэма «Электронная перавозка»: ep.isc.by. Работа гэтага комплексу, яго новыя магчымасці, у тым ліку мабільныя рашэнні, дэманстраваліся Беларускай чыгункай на Беларускім транспартным тыдні, які праходзіў у Мінску з 2 па 4 кастрычніка.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год