Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дэлегацыя Беларускай чыгункі прыме ўдзел у найбуйнейшых міжнародных форумах у г. Сочы

26 верасня 2018

Дэлегацыя Беларускай чыгункі на чале з першым намеснікам Начальніка дарогі Ігарам Шылавым з 2 па 5 кастрычніка прыме ўдзел у найбуйнейшых міжнародных форумах у г. Сочы.

2—3 кастрычніка адбудзецца першы міжнародны транспартна-лагістычны форум «PRO//Движение 1520». Новая дыскусійная пляцоўка ставіць мэтай забеспячэнне канструктыўнага дыялогу паміж прадстаўнікамі бізнесу, транспартнага рынку, дзяржаўнай сферы, расійскімі і замежнымі кампаніямі і экспертамі. Мерапрыемства прымеркавана да 15-годдзя з дня ўтварэння ААТ «РЖД».

Работа форуму пройдзе ў фарматах пленарных сесій і дыскусій, на якіх будуць абмяркоўвацца глабальныя пытанні стратэгіі міжнароднай кааперацыі, фарміравання мультымадальных лагістычных прадуктаў і ўкаранення лічбавых тэхналогій на чыгуначным транспарце, а таксама перспектыўныя ідэі ў галіне транспартных тэхналогій і бізнес-працэсаў.

Першы намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Ігар Шылаў прыме ўдзел у якасці эксперта ў пленарнай сесіі форуму «PRO Будучыня сусветнай транспартнай сістэмы: глабальныя трэнды».

Асобная частка дзелавой праграмы будзе прысвечана тэме пасажырскіх перавозак. У рамках «PRO//Движение 1520» адбудзецца 2-і Міжнародны пасажырскі форум, на якім будуць разглядацца пытанні канкурэнцыі, з якой даводзіцца сутыкацца перавозчыкам, ролю маркетынгу ў лічбавую эпоху і інш. Сярод удзельнікаў сесіі «Пасажырскія перавозкі сёння: праблематыка, рашэнні, мэты» начальнік пасажырскай службы БЧ Аляксандр Захарэвіч.

Беларуская чыгунка надае вялікую ўвагу забеспячэнню бяспекі і павышэнню якасці абслугоўвання пасажыраў. У гэтых мэтах закупляецца сучасны рухомы састаў, мадэрнізуюцца вакзальныя комплексы, развіваюцца і ўдасканальваюцца спадарожныя сэрвісы для пасажыраў, заснаваныя на IT-тэхналогіях, такія, як сістэмы электронных продажаў, прадастаўленне магчымасці бясплатнага карыстання Інтэрнэтам на вакзалах і ў цягніках, развіццё інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт і іншыя кірункі.

Важным мерапрыемствам у гэтыя дні ў Сочы стане правядзенне 3—4 кастрычніка XXVII Пленарнага пасяджэння міжнароднай асацыяцыі «Каардынацыйны савет па Транссібірских перавозках» (КСТП).

У ім возьмуць удзел кіраўнікі і паўнамоцныя прадстаўнікі чыгуначных кампаній, федэральных органаў выканаўчай улады, транспартных міністэрстваў і ведамстваў, мытных, пагранічных і тарыфных службаў, экспедытарскіх і аператарскіх кампаній, марскіх партоў Еўропы і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.

У ходзе Пленарнага пасяджэння КСТП будуць падведзены вынікі выканання рашэнняў XXVI пасяджэння. Таксама будуць разгледжаны пытанні аб мерах па павышэнню эфектыўнасці перавозак грузаў чыгуначным транспартам у зносінах Азія—Еўропа (стратэгія развіцця, інфраструктурныя праекты, праграмы інфарматызацыі, аптымізацыя тарыфных умоў, мытныя пытанні); арганізацыі цяжкавагавага руху па Транссібірскай магістралі, распрацоўцы і ўкараненні інавацыйнага рухомага саставу; развіцці інфраструктуры і транспартных магутнасцяў марскіх партоў — членаў КСТП — для забеспячэння бесперабойнай арганізацыі мультымадальных перавозак, і шэраг іншых пытанняў.

Для Беларускай чыгункі найважнейшай задачай з'яўляецца павышэнне транзітнай прывабнасці чыгуначнага транспарту.

Сухапутныя перавозкі чыгуначным транспартам з'яўляюцца рэальнай альтэрнатывай марскім і паветраным зносінам, што асабліва актуальна і запатрабавана ва ўмовах рэалізацыі кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс. Адзін шлях». З удзелам БЧ сёння ажыццяўляюцца перавозкі па асноўных Еўраазіяцкіх калідорах з выкарыстаннем Транссібірскай магістралі: праз Забайкальск і Манголію, а таксама па Трансазіяцкім маршруце праз Достык і Харгас транзітам праз Казахстан. На працягу апошніх гадоў з удзелам БЧ у еўраазіяцкіх зносінах стабільна расце аб'ём кантэйнерных перавозак.

Па выніках працы за 8 месяцаў 2018 года па Беларускай чыгунцы паскоранымі кантэйнернымі цягнікамі ў кірунку Кітай—ЕС—Кітай перавезена 188 тыс. кантэйнераў у ДФЭ або 128% да аналагічнага перыяду 2017 года.

Беларуская чыгунка рэалізуе шэраг інвестыцыйных праектаў, актыўна абнаўляе цягавы рухомы састаў з улікам рэалізацыі планаў па электрыфікацыі, надае ўвагу развіццю памежных пераходаў і прыгранічнай чыгуначнай інфраструктуры.

Перспектыву перавозак з Кітаем Беларуская чыгунка бачыць не толькі ў забеспячэнні транзіту, але і ў развіцці перавозак знешнегандлёвых грузаў для беларускіх прадпрыемстваў, якія разглядаюць кітайскі рынак у якасці аднаго з прыярытэтных.

З мэтай стварэння аптымальных умоў для экспарту прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» (БТЛЦ) Беларускай чыгункі праводзіць паслядоўную працу па выкарыстанні ў перавозках міжнароднага кантэйнернага хаба ў Мінску на станцыі Калядзічы.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год