Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Беларускія чыгуначнікі прынялі ўдзел у адкрыцці гістарычнай экспазіцыі на «Лініі Сталіна»

1 жніўня

1 жніўня напярэдадні прафесійнага свята — Дня чыгуначніка — у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай працоўнаму і ратнаму подзвігу ўсіх пакаленняў воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарту. Яна была створана па ініцыятыве дабрачыннага фонду «Памяць Афгана» на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» Беларускай чыгункай сумесна з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і холдынгам «Белаўтадар».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў, Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Шуневіч, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, работнікі Беларускай чыгункі, якiя ўзнагароджаны вышэйшымі галіновымі ўзнагародамі, ветэраны вайны і працы, выхаванцы Дзіцячай чыгункі ім. К.С. Заслонава і інш.

Прысутныя сталі сведкамі рэканструкцыі «баявых дзеянняў» ў ліпені 1941 года паблізу станцыі «Савецкая», у якой прыняў удзел бранецягнік.

Затым адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар працоўнага і ратнага подзвігу ўсіх пакаленняў воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарту Беларусі, устаноўленай на тэндэры паравоза.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў, што экспазіцыя, якая створана на гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна», — гэта, перш за ўсё, помнік ветэранам, якія прайшлі вельмі складаны, але ў той жа час гераічны шлях. Ён таксама выказаў упэўненасць, што гэты гістарычны комплекс стане для будучых пакаленняў прыкладам вялікага подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пачуцця высокага патрыятызму і любві да сваёй Радзімы.

Акрамя таго, Уладзімір Марозаў падкрэсліў, што сёння тут прысутнічаюць некалькі пакаленняў чыгуначнікаў, што сведчыць аб непарыўнай сувязі і пераемнасці традыцый.

Сімвалічна, што удзельнікам урачыстасці стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы чыгуначнік Бераснеў Сямён Еўдакімавіч, які ў студзені гэтага года адзначыў свой 98-ы Дзень нараджэння. У сваім выступленні ён падкрэсліў важную ролю чыгуначнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падзякаваў стваральнікам экспазіцыі за захаванне памяці аб вялікім подзвігу савецкага народа: «Я ганаруся цяперашнім пакаленнем і ўпэўнены ў будучыні нашай краіны!».

Гістарычная чыгуначная экспазіцыя ўяўляе сабой тыповы ўчастак чыгункі пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя з чыгуначнымі пуцямі са стрэлачным пераводам, на якіх стаіць бранецягнік, чыгуначным мастом праз вадаём, чыгуначным пераездам, буд ынкам вакзала даваеннага ўзору, перонам, гідракалонкай для запраўкі вадой паравозаў, піларамай і дроўняй, іншымі аб'ектамі інфраструктуры.

Цэнтральным аб'ектам экспазіцыі з'яўляецца адноўлены бранецягнік часоў Вялікай Айчыннай вайны, які складаецца з паравоза, двух браневагонаў і баявой платформы з зенітнай гарматай. Для яго стварэння Беларуская чыгунка перадала дабрачыннаму фонду «Памяць Афгана» паравоз серыі ЭМ 1933 года пабудовы і арганізавала яго дастаўку з г. Крычава на «Лінію Сталіна». Рэстаўрацыяй паравоза да першапачатковага стану займаліся спецыялісты лакаматыўнага дэпо Крычаў. Таксама былі знойдзены і перададзены чыгуначныя платформы, якія прыгодны для будаўніцтва на іх базе браневагонаў. Яркім элементам экспазіцыі стаў чыгуначны мост, устаноўлены сумесна з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь.

Стварэнне чыгуначнай экспазіцыі ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» — даніна глыбокай павагі ўсім пакаленням воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарту Беларусі.

Таксама па традыцыі напярэдадні Дня чыгуначніка на Беларускай чыгунцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў вышэйшымі галіновымі ўзнагародамі. 1 жніўня больш за 320 чыгуначнікаў былі ўдастоены нагрудных знакаў адзнакі «Ганаровы транспартнік» і Ганаровых грамат Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, знакаў «Ганаровы чыгуначнік» і «Выдатнiк Беларускай чыгункi», Ганаровых грамат Беларускай чыгункі, а таксама знакаў адзнакі «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» I, II і III ступеняў.

Як адзначыў Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, уручаючы ўзнагароды ў Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў, перад калектывам стаяць задачы па далейшаму абнаўленню рухомага саставу, развіццю інфраструктуры, ўкараненню новых сэрвісаў для кліентаў: «Я ўпэўнены, што дзякуючы нашай сумеснай рабоце, прафесіяналізму і адказнасці кожнага работніка, Беларуская чыгунка працягне сваё дынамічнае развіццё».

Усяго напярэдадні Дня чыгуначніка больш за 600 работнікаў беларускай магістралі ўзнагароджаны вышэйшымі галіновымі ўзнагародамі.
 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

 
Да спісу навін за 2018 год